Фольк-гурт «Рада»: «Мне ня спіцца» (фота, відэа)

У абноўленай арт-прасторы дворыка Нацыянальнага гістарычнага музея 19 мая гурт «Рада» прэзентаваў свой трэці альбом «Мне ня спіцца».

prezentacyja_rady__5__logo.jpg


 “Мне ня спіцца” — песня з Дзямідавічаў пад Мсціславам, якая дала назву ўсяму альбому. Ён амаль цалкам складаецца з твораў, якія спевакі Алег Лук’янцаў, Васіль Мардачоў, Алесь Жукоўскі і Святлана Буцкая запісалі ад бабуль па ўсёй Беларусі і выканалі з захаваннем арыгінальнай мелодыі, рытмікі, слоў. Увайшло таксама некалькі інструментальных найгрышаў, фратменты аповядаў бабуль.


Дыск запісаны ў Гайнаўцы на Беласточчыне на перасоўнай студыі гуказапісу Ярослава Кордачука. Падчас працы над альбомам у “Рады” была магчымасць назіраць за жыццём мясцовага беларускага асяродку: “Цікава, што для нас у Беларусі Касцёл — элемент беларускасці, з беларускамоўнай службай. А беларусамі Польшчы Касцёл успрымаецца як складнік апалячвання, таму яны вельмі трымаюцца за праваслаўе” — дзеліцца назіраннямі Васіль Мардачоў.


У планах гурта — выпуск кліпа на песню “Дарожка”. Чакаем новых прэзентацый!