Фотакалекцыю Савы Сіўко пакажуць на радзіме фатографа

28 ліпеня ў мястэчку Любча, што на Наваградчыне, адбудзецца адкрыццё выставы «Сава Сіўко. Фатограф Любчанскага краю», арганізаванай Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, пры падтрымцы фонда «Любчанскі замак» і Навагрудскага аддзела культуры.

Фота з выставы «Сава Сіўко (1888 -1978). Фатограф Любчанскага краю. Да 130-годдзя з дня нараджэння» ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, znyata.com

Фота з выставы «Сава Сіўко (1888 -1978). Фатограф Любчанскага краю. Да 130-годдзя з дня нараджэння» ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі, znyata.com


Гісторыя пачалася два гады таму, калі ў фонды Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь трапілі два невялікія чамаданчыкі са старымі шклянымі негатывамі міжваеннага часу. Іх было 582 (сення колькасць складае 1027!) пасля ўсіх катаклізмаў ХХ стагоддзя. Але ні аўтар, ні дакладныя месцы былі невядомыя.
Супрацоўнікі гістарычнага музея пачалі пошукі. На адным са здымкаў пазналі вежу Любчанскага замка і зладзілі экспедыцыю ў Навагрудскі раён, у Любчу. Шмат шукалі, сустракаліся з людзьмі, паказвалі фотаздымкі. У апошні дзень экспедыцыі вышлі на след, які прывёў да аўтара — народнага фатографа-самародка Савы Сіўко, які рабіў сваю любімую справу больш за 50 гадоў. Знайшлі яго дом у Сенне, дзе на паддашшы сярод смецця былі яшчэ 4 сотні шкляных фотанегатываў, якія ўдалося скласці з аскепкаў і вярнуць да жыцця.Яшчэ адна ўнікальная знаходка чакала ў гэтай хаце — пераносны самаробны фатаграфічны экран, на фоне якога рабіў свае шматлікія партрэтныя здымкі Сава Уладзіміравіч. Амаль год спатрэбіўся рэстаўратарам, каб прывесці яго ў парадак, бо больш чым 60 % фарбавага слою было страчана. На выставе ў Любчы будзе дэманстравацца дакладная лічбавая копія палатна, на фоне якой можна будзе сфатаграфавацца.
Першы паказ выставы адбыўся ў залах Нацыянальнага гістарычнага музея ў Мінску ў снежні 2018 – лютым 2019-га. Потым выстава дэманстравалася ў Наваградку, Віцебску. І нарэшце, яна даехала да радзімы фатографа — у Любчу.
Пачатак імпрэзы а 12-й гадзіне ў Любчанскім доме культуры. Словы возьмуць людзі, якія спрычыніліся да пошукаў аўтара ўнікальнай фотакалекцыі, землякі Савы Сіўко. Шмат хто з іх пазнаў на знойдзеных здымках сваіх продкаў.
А 14-й пачне выступаць капэла Zhydovachka, якая зайграе музыку нашых мястэчак і запросіць на традыцыйныя танцы.