Гурт Karpatt з Парыжу выступіць у Мінску з песняй на словы Караткевіча (аўдыё)

Музыкі прэзентуюць ужывую песню «Le chêne d’hiver» падчас свайго канцэрта з нагоды адкрыцця Дзён Франкафоніі ў Беларусі.

3759_zhamerun_240x240.jpg


Караткевіч па-француску загучаў у межах праекту парталу Tuzin.fm і кампаніі «Будзьма беларусамі!» — «Global Reload». Верш «Зімовы дуб» пераклала Ларыса Гіймэ адмыслова для Karpatt, гурту з Парыжу з 20-гадовай гісторыяй. Музыкі былі ў захапленні ад гэтага твора. «Паэзія Караткевіча — вельмі прыгожая і вобразная, яна падаецца пяшчотнай з вельмі кранальнай натуралістычнай мэтафарай», — заявілі французы з нагоды інтэрнэт-прэзентацыі песні «Le chêne d’hiver». Лідар каманды Фрэд Раля зазначыў, што марыць яе выканаць у Мінску. І вось такая нагода здарылася сёлета.
8 сакавіка Karpatt прыедзе ў Мінск з нагоды адкрыцця Дзён Франкафоніі ў Беларусі. Як паведамілі Tuzin.fm у амбасадзе Францыі, канцэрт парыскага гурту пройдзе ў рэстарацыі «Друзья». Музыкі збіраюцца сыграць свае найлепшыя песні і прэзентаваць урэшце ў Беларусі песню на словы Уладзіміра Караткевіча. Уваход на імпрэзу вольны. Пачатак у 18.30.


tuzin.fm