Гурт «Пані Хіда» прэзентаваў першы беларускамоўны кліп
Гурт з Воршы «Пані Хіда» прэзентаваў на TuzinFM беларускамоўны кліп на песню «Вецер». Песня «Вецер» знакавая ў 28-гадовай гісторыі «Пані Хіды» хаця б з той прычыны, што гэта іх першы беларускамоўны аўтарскі трэк.
Песня была запісаная на прапанову TuzinFM у 2013 годзе. Арыгінальны тэкст аўтарства Барыса Штэрна на беларускую мову пераклаў Віталь Рыжкоў.
«Мы вырашылі зняць на гэтую песню кліп, бо надта ўдала яна атрымалася, з адпаведным настроем. Яго ўласна мы і хацелі перадаць, таму сталі думаць пра візуалізацыю. Хацелася паказаць холад, люты і адзіноту», – кажа вакаліст каманды Есаўл Панкратаў.
Пра абставіны здымкаў распавядае гітарыст Леанід Турок. «Мы вынеслі мэблю з пакою, прымацавалі да сценаў празрыстую стужку, на яе наляпілі каляровыя стыкеры. Уключылі ўсё, што можа ганяць паветра: вентылятары, кампрэсар ды стары пыласос – «Вецер» усё ж такі». Рэжысёрам і аператарам быў Аляксандар Далігей. Відэа знялі і…паклалі на паліцу амаль на пяць гадоў.
Вярнуліся музыкі да гэтай працы пасля знаёмства з аператаркаю і фатографкаю Аляксандрай Хед, якая выказала жаданне дарабіць пачатае і стала рэжысёрам мантажа.