Ірына Дубянецкая: Мы заўсёды будзем на маргінале, пакуль не засвоім самы асноўны тэкст

Беларусь — адзіная краіна ў Еўропе, якая не мае арыгінальнага, поўнага перакладу Святога Пісання на нацыянальную мову”, — кажа Ірына Дубянецкая.



dubianieckaja_cuwvf.jpg

Фота з сайта krynica.info

Доктар багаслоўя, гебраіст і папулярызатар біблістыкі Ірына Дубянецкая абвясціла пра новую ініцыятыву па перакладзе Святога Пісання на беларускую мову.

Па словах навукоўцы, новы пераклад павінен быць здзейснены на вельмі добрую беларускую мову з улікам літаратурных асаблівасцяў тэксту. “Звычайна прапускаецца нешта, — удакладняе яна. — Напрыклад, у псалмах мы не чуем паэзіі, а яна там ёсць, і яна фармуе часам сэнсы. Біблія складзеная з тэкстаў самых розных жанраў, яны напісаныя ў вельмі рознай стылістыцы, — гэта павінна быць адлюстравана ў беларускай мове”.

Ірына Дубянецкая кажа, што калектыўны пераклад лепшы за аўтарскі: “Дзесяць чалавек спакойна ў пралогу да Евангелля Яна перакладаюць “Я не варты развязаць апоры Ягоных сандаляў”, пакуль адзін не кажа, што ў тэксце адна сандаля, а гэта розніца”.

Над супольным перакладам, які робіцца з дапамогай скайпа, працуе дзесяць чалавек: гэта гебраісты, філолагі-класікі, багасловы, біблісты — перакладчыкі-беларусы з Чэхіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Польшчы, Аўстрыі, Беларусі.

Праца над Старым і Новым Запаветамі ажыццяўляецца паралельна, адначасова перакладаюцца Кніга Быцця і Евангелле паводле святога Яна. У планах калектыву — завяршыць пераклады гэтых дзвюх кніг у 2017 годзе.

Справу перакладу Біблію на беларускую мову Ірына Дубянецкая лічыць найзначнейшай: “Мы заўсёды будзем на маргінале, на ўзбочыне, пакуль мы не засвоім гэты самы асноўны тэкст, не засвоім яго так, каб яго глыбока засвоіла культура, каб ён увайшоў у тканку, у капіляры гэтай культуры, — тое, што адбылося фактычна ва ўсіх краінах, якія былі пабудаваныя на падставе хрысціянства”.

Паводле krynica.info