Яго Радзіма — Беларусь

Жыццёвы і творчы шлях беларускага паэта, празаіка, гісторыка Івана Антонавіча Ласкова складаны і пакручасты. Некаторыя лічаць яго расійскім пісьменнікам: маўляў, жыў ён і працаваў у Якуцку. Так, і жыў і працаваў, але пісьменнікам ён быў беларускім, што пацвярджаецца і апошнімі яго творамі, якія на вялікі жаль, публікуюцца ўжо пасля яго зыходу ў іншы свет.



30d4e6422cd65c7913bc9ce62e078b79.JPG

Жыццёвы і творчы шлях беларускага паэта, празаіка, гісторыка Івана Антонавіча Ласкова складаны і пакручасты. Некаторыя лічаць яго расійскім пісьменнікам: маўляў, жыў ён і працаваў у Якуцку. Так, і жыў і працаваў, але пісьменнікам ён быў беларускім, што пацвярджаецца і апошнімі яго творамі, якія на вялікі жаль, публікуюцца ўжо пасля яго зыходу ў іншы свет.
У адной з кніг мне давялося сустрэць звесткі, што Іван Ласкоў нарадзіўся ў Якуцку, у сям’і ссыльных беларусаў. Але з дакладных крыніц вядома, што гэта не так, таму я прапаную чытачам «НЧ» кароткія звесткі з біяграфіі пісьменніка.
Нарадзіўся Іван Ласкоў 19 чэрвеня 1941 года ў Гомелі. Бацька яго, Антон Іванавіч — украінец, ураджэнец Палтаўшчыны. У 1933 годзе, ратуючыся ад галадамору на Украіне, з’ехаў у Гомель. Працаваў на гомельскай цукеркавай фабрыцы «Спартак». Адразу ж, калі пачалася вайна, бацька Івана Ласкова быў адпраўлены на фронт, дзе і знік без вестак. Маці, Юлія Апанасаўна Казлоўская, беларуска, ураджэнка былой Мінскай губерні, да вайны працавала ў Гомелі тэлеграфісткай, а потым з малым Іванам пераехала на сталае жыццё да сваякоў у вёску Беразякі (Краснапольскі раён).
Калі хлопчыку споўнілася 3 гады, ён умеў ужо чытаць — на царкоўнаславянскай мове чытаў Біблію. А да пачатку школы Іван Ласкоў вывучыў падручнік нямецкай мовы для 5-га класа. Сям’я жыла вельмі бедна, і з-за таго, што не было чаго хлапчуку апранаць, Іван пайшоў у школу ў восем год. Іван Ласкоў рана пачаў пісаць вершы. Дасылаў іх ён спачатку ў газету «Зорка», і хаця вершы не друкавалі, але на лісты адказвалі. Першы верш на беларускай мове «Сталь» 15-гадовага Івана Ласкова надрукавала газета «Чырвоная змена» ў 1956 годзе.
Пасля заканчэння ў 1958 годзе з залатым медалём сярэдняй школы юнак паступіў на хімічны факультэт Белдзяржуніверсітэта, пасля заканчэння якога выказаў жаданне пры размеркаванні паехаць працаваць у Дзяржынск (Расія) былой Горкаўскай вобласці. Затым Іван Ласкоў звольніўся з працы ў Дзяржынску, вярнуўся ў Мінск, і некаторы час працаваў літсупрацоўнікам газеты «Зорка» і на Беларускім радыё.
Яго прызваннем была літаратура, і ў 1966 годзе Іван Ласкоў паступіў на вучобу ў Літаратурны інстытут імя А.М. Горкага. Тут ён пазнаёміўся з вядомай ужо тады якуцкай пісьменніцай, якуткай па нацыянальнасці, Валянцінай Гаўрыльевай. Яны ажаніліся. Пасля заканчэння з чырвоным дыпломам Літаратурнага інстытута Іван Ласкоў пераехаў з жонкай на яе радзіму, у Якуцк. Іван Ласкоў неаднаразова з Якуцка наведваў беларускую вёску Беразякі: спачатку з жонкай, затым з сынам Андрэем, які вучыўся ў мясцовай школе і скончыў тут дзявяты клас.
У Якуцку пісьменнік працаваў на розных пасадах у газеце «Молодёжь Якутии», у часопісах «Полярная звезда», «Колокольчик» і іншых выданнях. Ён быў узнагароджаны Ганаровай Граматай Прэзідыуму Вярхоўнага Савета ЯАССР, а ў 1973 годзе стаў сябрам Саюза пісьменнікаў СССР. Памёр пры загадкавых абставінах у прыгарадзе Якуцка 29 чэрвеня 1994-га. Удава Івана Ласкова, Валянціна Гаўрыльева, зараз жыве ў Якуцку. Яна — аўтар шматлікіх апавяданняў і аповесцей, якія Іван Ласкоў пры жыцці перакладаў з якуцкай мовы на рускую.
Іван Ласкоў — аўтар шматлікіх вершаў, паэм, апавяданняў, якія ўвайшлі ў зборнікі, і выходзілі на Беларусі ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Шэраг яго вершаў друкаваліся ў «Чырвонай змене», «ЛіМе», іншых выданнях. Дастаткова прыгадаць зборнікі вершаў «Кружное лета», «Стихия», «Белое небо», паэму «Кульга», зборнік апавяданняў «На падводных крылах», «Чароўны камень». Дзецям ён адрасаваў сваё апавяданне «Андрэй — Эндрэй — справядлівы чалавек, або Беларус на полюсе холаду». Творам Івана Ласкова ўласціва панарамнае бачанне прастору — ад палёў і садоў Беларусі да тундры з яе вечнай мерзлатой. Жывучы доўгі час удалечыні ад роднай зямлі, ён ў сваіх вершах з занепакоенасцю і горыччу пісаў аб гаротным становішчы беларускай мовы на радзіме. Вось радкі з некаторых яго вершаў: «Ці ты думаў, Скарына, Прашчур наш знакаміты, Мог ці не ты прадбачыць Самлелай душой, Што не толькі твой князь — Што і люд паспаліты Загаворыць аднойчы на мове чужой». А вось радкі з іншага яго верша: «Я страціў смак да рускай мовы, Як да мацнёнага віна. Няхай жа родны сок кляновы Мяне напоіць дап’яна».
Але вядомым Івана Ласкова сярод беларускіх інтэлектуалаў зрабілі артыкулы, напісаныя ім у апошнія гады жыцця. На аснове этымалагічнай тыпалогіі, вылучэння адпаведнікаў у мовах розных народаў ён распрацаваў уласную гіпотэзу пра угра-фінскія карані ўсходніх славян. Газета «Літаратура і мастацтва» ў 1989 годзе надрукавала яго артыкул «Племя пяці родаў», дзе аўтар сцвярджае, што летапісная Літва, якая заснавала Вялікае Княства Літоўскае, была не балцкім племем, а фіна-угорскім, якому роднасныя сучасныя жыхары Расіі — марыйцы, мардоўцы, комі-пярмякі.

Іван Ласкоў у маладосці


Свае погляды ён абгрунтаваў таксама ў такіх артыкулах, як «Нашчадкі таямнічай Літвы», «Жамойцкі тупік» і іншых. Штуршком жа да распрацоўкі гэтай гіпотэзы для Івана Ласкова паслужыла яго знаёмства з такімі творамі аб утварэнні ВКЛ вядомага беларускага гісторыка, літаратара Міколы Ермаловіча, як «Па слядах аднаго міфа», «Беларуская дзяржава — Вялікае Княства Літоўскае», і «Старажытная Беларусь: Полацкі і Навагародскі перыяды».
Іван Ласкоў высока цаніў даследаванні Міколы Ермаловіча, яго глыбока ўразіла скрупулёзнасць, з якой аўтар аналізаваў мінуўшчыну Беларусі, і сцвярджаў, што такога даследчыка, як Мікола Ермаловіч, даўно чакала беларуская гістарычная навука. Але, як вядома, ісціна нараджаецца ў сутыкненні навуковых канцэпцый, і Іван Ласкоў на аснове аналізаў тапонімаў, гідронімаў, асабістых імёнаў вылучыў сваю гіпотэзу, на аснове якой напісаў кнігу «Летапісная Літва. Сваяцтва і лёс».
У маі гэтая кніга Івана Ласкова ўпершыню ўбачыла свет. Надрукавала яе выдавецтва «Наша будучыня» (Вільнюс), і выйшла яна ў серыі «Неизвестная история» (аўтар і рэдактар серыі Анатоль Тарас). У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбылася прэзентацыя, дзе з цікавымі ўспамінамі аб Івану Ласкову выступілі былыя яго аднакурснікі па хімічнаму факультэту, зараз мэтры хімічнай навукі з вучонымі ступенямі Віктар Макатун, Тадэвуш Адамовіч, Аляксандр Ціханаў. Яны казалі, што ў студэнцкія гады захапляліся вершамі Івана Ласкова. Пісаў ён тады і «крамольныя» вершы, за што ўвесь час знаходзіўся пад наглядам КДБ.
З цёплымі ўспамінамі выступіў і гісторык, краязнаўца, перакладчык Алесь Баркоўскі. Ён некаторы час узначальваў у Якуціі беларускую суполку «Суродзіч», працаваў штурманам у Ленскім і Якуцкім параходствах, і добра ведаў сям’ю Івана Ласкова. Рукапіс прэзентуемай кнігі ён прывёз у Беларусь, зрабіў кампутарную вёрстку, раздрукаваў і пераплёў у сваёй хатняй друкарні Кальвіна накладам у 8 экзэмпляраў, і перадаў для выдання. На жаль, у прадмове да кнігі і ў пасляслоў’і рэдактара аб заслугах Алеся Баркоўскага ў выданні кнігі не ўпамінаецца.
Дарэчы, Алесь Баркоўскі шмат рукапісаў Івана Ласкова перадаў у Беларускі дзяржаўны музей-архіў літаратуры і мастацтва. У яго захоўваецца шмат ненадрукаваных твораў Івана Ласкова, у тым ліку і яго фантастычны раман.
Кніга «Летапісная Літва. Сваяцтва і лёс» выйшла невялікім тыражом, усяго 300 асобнікаў, аздоблена шматлікімі фотаздымкамі.