Як у каралеўскім горадзе маладыя таленты шукалі
У Гародні прайшоў Дзень беларускай дзіцячай творчасці – прыватная ініцыятыва па падтрымцы маладых творчых калектываў у абласных гарадах.
![pa060869_logo.jpg pa060869_logo.jpg](/img/v1/images/pa060869_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Свята ўключыла ў сябе конкурсную праграму, элементы анімацыі, забавы ды выступленні вядомых артыстаў і творцаў.
– Мы самі часта сутыкаемся з тым, што схадзіць з дзецьмі на штосьці цікавае, пазнавальнае і адначасова беларускае бывае складана, хоць цяпер і з’яўляецца шмат мерапрыемстваў. І мы прыдумалі канцэпцыю і зладзілі свята дзіцячай беларускай творчасці, – патлумачыў «Новаму Часу» канцэпцыю свята яго арганізатар і кіраўнік інтэрнэт-крамы PRASTORA.BY Алесь Квіткевіч. – Мы правядзём такія святы ў кожным абласным горадзе, каб паглядзець, чым жывуць мясцовыя дзіцячыя калектывы.
![Алесь Квіткевіч з дачкой Марай Алесь Квіткевіч з дачкой Марай](/img/v1/images/pa060924_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Алесь Квіткевіч з дачкой Марай
Для ўдзелу ў конкурсе ўсе гурты праходзілі адбор, і перавага была аддадзена тым, чыя творчасць прасякнута беларускай тэматыкай, хаця ўвогуле конкурс адкрыты для ўсіх.
Першую частку праграмы склалі выступленні канкурсантаў – іх набралося 11 асобных выступоўцаў і мастацкіх калектываў з Гародні. Вакальныя нумары, танцавальныя ансамблі, музычныя кампазіцыі – кожны з артыстаў меў свае непаўторныя адметнасці, таму вызначыць лепшага (а гэта рабілі наведвальнікі свята шляхам галасавання) было няпроста. Дарэчы, у якасці галоўнага прыза пераможцу чакала магчымасць запісаць на студыі гуказапісу песню, альбо, у выпадку перамогі танцавальнага калектыву, зняць кліп.
Аднак конкурсная інтрыга захоўвалася да вечара, і пакуль гледачы аддавалі свае галасы за маладых гарадзенскіх талентаў, рэй узялі аніматары, мастакі, паэты і сталыя музыкі. Пра сакрэты стварэння выцінанак распавяла майстарка з Маладзечна Вольга Бабурына. Галоўнай паэтычнай разынкай дня стала чытанне вершаў жывой легендай – гарадзенскай паэткай Данутай Янаўнай Бічэль-Загнетавай. Таксама свае творы прачыталі маладыя пісьменніцы Юлія Алейчанка і Дар’я Бялькевіч. Каб паказаць сваё баявое майстэрства і распавесці пра старажытную зброю і даспехі беларускіх рыцараў, з Мінска прыехалі рэканструктары Юрый Усціновіч, Андрусь Дундукоў і Алесь Пятроўскі ў суправаджэнні сапраўдных сярэднявечных музыкаў. А крыху пазней далі джазу і не толькі ўжо музыкі сучасныя: дуэт «Дзівабор», Таццяна Свістунова і «Кветка-Мара», чароўная і загадкавая Дзіяна Шыманоўская, Андрусь Такінданг і гурт «Рэха», а таксама Раман Абрамчук і яго анты-кавербэнд «Гарадскі вал».
І вось настаў час абвясціць лепшага з лепшых маладых выступоўцаў (альбо калектываў) з Гродна.
Трэцяе месца па выніку галасавання дасталася кранальнаму дуэту маленькіх скрыпачоў «Грымаскі».
![Дуэт «Грымаскі» Дуэт «Грымаскі»](/img/v1/images/pa060763_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дуэт «Грымаскі»
Другую прыступку заняла, бадай, самая экстравагантная выканаўца на флейце Ева Венская.
![Ева Венская Ева Венская](/img/v1/images/pa060777_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ева Венская
Найбольшую ж колькасць галасоў атрымаў харызматычны дзіцячы ансамбль народнага танца «Фолк Фрэш».
![Ансамбль «Фолк Фрэш» Ансамбль «Фолк Фрэш»](/img/v1/images/pa060799_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ансамбль «Фолк Фрэш»
Дзякуючы таму, што да ініцыятывы далучыўся генеральны партнёр – сетка крам «Карона» – мерапрыемствы атрымалася зрабіць не толькі бясплатнымі, але і ўзнагародзіць уладальнікаў прызавых месцаў салодкімі пачастункамі. А студыя скураных вырабаў «Макей» паспрыяла таму, каб педагогі і кіраўнікі калектываў-пераможцаў атрымалі ў падарунак дыхтоўныя нататнікі ручной працы са скуры.
Фота аўтаркі