Студэнты Белдзяржуніверсітэта перамаглі ў міжнародным «касмічным конкурсе»
Каманда ФМА БДУ стала прызёрам Міжнароднага конкурсу па касмічным праве імя Манфрэда Лахса.
Магістрантка Дар'я Богдан і чацвёртакурсніца Алена Лаўрэнава прызнаныя аўтарамі найлепшай у свеце пісьмовай пазіцыі аднаго з найпрэстыжнейшых спаборніцтваў па міжнароднаму касмічнаму праву і ўдастоены прыза “Best memorials”.
Сусветны фінал прайшоў у рамках Міжнароднага кангрэса астранаўтыкі ў Брэмене (Германія). Яго ўдзельнікамі сталі чатыры каманды, якія прадстаўлялі кантыненты: Еўропу, Азію, Афрыку і Паўночную Амерыку.
Зборная ФМА БДУ выступала ад ўсёй Еўропы. Гэта права яна заваявала пасля перамогі ў маі бягучага года ў адборачным Еўрапейскім раундзе, дзе абышла 20 зборных з Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Бельгіі, Італіі, Расіі і іншых краін.
У Германіі супернікамі беларусаў выступілі каманды з Універсітэта Луізіяна (ЗША), юрыдычнай школы Symbiosis (Індыя) і Універсітэта Прэторыі (ПАР). Канкурсантам трэба было падрыхтаваць на англійскай мове пісьмовую і вусную пазіцыю па выдуманай справе ў рамках працэдуры разгляду спрэчкі ў Міжнародным Судзе ААН. Пытанні тычыліся правамернасці кібератак, магчымасцей выкарыстання касмічных рэсурсаў, змянення клімату і адказнасці за шкоду, якую нанеслі касмічныя аб'екты.
Каманду БДУ падрыхтавалі старшы выкладчык кафедры міжнароднага права Кацярына Кузняцова і выпускніца ФМА Таццяна Зінякова. Пісьмовую пазіцыю каманды ФМА размесцяць на афіцыйным сайце Міжнароднага конкурсу па касмічнаму праву імя Манфрэда Лахса, дзе яна будзе даступная для іншых удзельнікаў у якасці эталоннай на працягу ўсіх наступных гадоў правядзення конкурсу.
Суддзямі сусветнага фіналу выступілі дзейсныя суддзі Міжнароднага суда ААН: віцэ-прэзідэнт Суда Сюэ Ханьцінь (Кітай), Пітэр Томка (Славакія) і Кірыл Геваргян (Расія).
А пераможцам конкурсу прызнаная каманда з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.
Надзея Нікалаева, zviazda.by