velcom: Новая беларускамоўная версія сайта пачне працаваць да канца гэтай восені
У рэдакцыю НЧ звярнуўся чытач, абураны тым, што з сайта кампаніі velcom знікла беларускамоўная версія. Сёння мы атрымалі афіцыйны каментар сотавага аператара наконт гэтай сітуацыі.

«У цяперашні момант адбываецца перанос сайта velcom.by на новую платформу. Папярэдняя беларускамоўная версія сайта velcom.by па-ранейшаму даступная па прамой спасылцы https://www.velcom.by/be. Новая паўнавартасная беларускамоўная версія сайта пачне працаваць да канца гэтай восені. Мы прыносім свае прабачэнні абанентам за часовыя нязручнасці, — паведамілі ў прэс-службе кампаніі. — Беларускамоўная версія сайта будзе падтрымлівацца і далей».
Акрамя таго, адзначыў сотавы аператар, «падтрымка беларускай мовы і нацыянальнай культуры застаецца адным з асноўных напрамкаў карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці velcom. Сярод буйных доўгатэрміновых праектаў кампаніі ў гэтай сферы — «Беларускія ўікэнды», «Чытаем па-беларуску з velcom», супрацоўніцтва з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы. Беларуская мова актыўна ўжываецца ў іміджавай і рэкламнай камунікацыі, а таксама ў камунікацыі кампаніі ў сацыяльных сетках».
У будучыні кампанія разглядае магчымасць распрацоўкі беларускамоўнай версіі сістэм самаабслугоўвання абанентаў і шукае варыянты адпаведнага тэхнічнага рашэння.