«Моўны інспектар» Ігар Случак адзначыў Дзень народзінаў прэзентацыяй кнігі
У мінскай прасторы «Тартак» 9 кастрычніка прайшла прэзентацыя брашуры Ігара Случака і Аліны Нагорнай «Абаронім мову!». Гэта дапаможнік па адстойванні сваіх правоў для беларускамоўных беларусаў.

Кніга складаецца з дзвюх частак. Першая ўтрымлівае парады, інструкцыі ды прыклады зваротаў. Там можна падгледзець алгарытм дзеянняў, каб больш чуць і бачыць беларускую мову ў краме ці іншай установе, каб заахвоціць чыноўнікаў (і не толькі іх) камунікаваць па-беларуску, атрымаць парады па напісанні зваротаў і гатовыя прыклады, якія патрабуюць толькі ўдакладнення дэталяў. Ёсць нават узоры заяў па фактах ганьбавання мовы ў сацсетках, да таго ж розныя ў залежнасці ад таго, ці можна ідэнтыфікаваць асобу, што ганьбіць.
Другая частка кнігі змяшчае вытрымкі з заканадаўства, якія датычацца моўных правоў. Аказваецца, у дапамогу абаронцам беларускай – не толькі закон «Аб мовах» ды Канстытуцыя, а і законы «Аб натарыяце», «Аб дзяржаўнай службе», «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», кодэксы аб адукацыі, судаўладкаванні, грамадзянскі, гаспадарчы і крымінальна-працэсуальныя. Кніжка мае зручны кішэнны фармат і да таго ж прывабна выглядае. Дызайн вокладкі выканаў Аляксандр Арсёнаў.

Неўзабаве плануецца запуск сайта з інфармацыяй, якая змешчана ў дапаможніку, і, шырэй, з матэрыяламі, што спатрэбяцца беларускамоўнаму беларусу для камфортнага жыцця. Прыклады самых розных зваротаў і заяў, па якія найчасцей звяртаюцца да Ігара і Аліны, будуць змешчаныя ў выглядзе ворд-дакументаў, дасяжныя для пампавання. Гэта не толькі паперы, якія выдадзены ў кніжцы, а і рэчы кшталту ўзора беларускамоўнай заявы ў ЗАГС.

Прэзентацыя пачалася з віктарыны, працягнулася расповедам пра кнігу і завяршылася выступам прадстаўніка праекта «Этнаbeat». Гэта першая прэзентацыя дапаможніка ў Мінску. Імпрэзай Ігар Случак заадно адзначыў свой Дзень народзінаў. Плануюцца таксама прэзентацыі ў іншых гарадах.
Фота Алены Ляшкевіч