Чаму з сайта velcom знікла беларуская мова?
Наш чытач звярнуў увагу, што сайт кампаніі velcom болей не мае беларускамоўнай версіі — толькі рускую і англійскую. «Чаму беларускую мову ўсё ж вырашылі выдаліць з сайта velcom, калі ў кампаніі ладзяць нейкія мерапрыемствы ў яе падтрымку?» — пытаецца ён.
«Даўно хацеў напісаць пра стаўленне сотавага аператара velcom да нацыянальнай мовы. Здаецца і пераклад фільмаў фінансуюць на беларускую мову і нейкія там чытанні ладзяць у школах на беларускай мове, але робіцца ўсё гэта неяк штучна і ненатуральна і сёння я ў гэтым канчаткова пераканаўся. Зайшоў сёння на сайт velcom і ўбачыў, што беларускую мову проста вырашылі выдаліць са спіса моў. Цяпер сайт падтрымлівае толькі дзве мовы і гэта не беларуская і руская, а англійская і руская. Напэўна, кіраўніцтва кампаніі вырашыла, што беларуская мова для іх кліента зусім не перспектыўная і вырашыла выдаліць нават галоўную старонку са свайго сайта, якая бадай, што адзіная была перакладзена на беларускую мову. Астатні тэкст прапаноўваўся на рускай мове. Але англійскую мову відавочна больш шануюць чым беларускую, бо на яе перакладзены ўсе асноўныя старонкі сайта.
Хоць з памылкамі, але раней можна было ўбачыць хоць нешта на нацыянальнай мове. Вось сяджу і разважаю, чаму беларускую мову ўсё ж вырашылі выдаліць з сайта velcom, калі ў кампаніі ладзяць нейкія мерапрыемствы ў яе падтрымку. На маю думку, гэта звычайнае крывадушша і спосаб прапіярыцца сярод абанентаў і зарабіць дадатковыя грошы, што, маўляў, вось, паглядзіце як мы падтрымліваем нацыянальную мову. Колькі жыву ў гэтай краіне столькі працягваю здзіўляцца таму, як нацыянальную мову стараюцца выціснуць з усіх сфер нашага жыцця. А яшчэ больш у мяне выклікаюць пагарду вось такія прадпрыемствы, як velcom, якія карыстаючыся яе катастрафічным становішчам, спрабуючы атрымаць дадатковы піяр і грошы пры гэтым насамрэч не паважаючы і ігнаруючы яе.
P.S. паважанае кіраўніцтва Velcom! Не ведаю, дзе вы ўбачыце гэтыя радкі, але прашу вас не апраўдвацца і не даваць ніякіх каментарыяў (мне яны не патрэбныя, бо ваша свінскае стаўленне да беларускай мовы я ўжо зразумеў). Я ведаю, што вы можаце адказаць, што ў нас у краіне дзве нацыянальнае мовы і кіруючыся беларускім заканадаўствам вы можаце самі выбіраць на якія мовы перакладаць сайт. Толькі хачу вам нагадаць наступнае:
1. Як я пісаў вышэй, вы спрабуеце прасоўваць беларускую мову і піярыцца на ёй.2. Беларуская мова з’яўляецца ў нашай краіне нацыянальнай і кожнае прадпрыемства такога маштабу павінна мець версіі сайта на дзвюх нацыянальных мовах.3. Паважайце абанентаў, якія размаўляюць не толькі на рускай і англійскай мовах. У нашай складанай моўнай сітуацыі яшчэ застаюцца людзі, якія хочуць бачыць старонку і тую ці іншую інфармацыю на тытульнай мове нацыі.
Замест вашых нікчэмных апраўданняў прапаную проста знайсці прафесійных лінгвістаў, якія добра валодаюць тэрміналогіяй у сферы тэлекамунікацый і стварыць поўную версію сайта на нацыянальнай мове.Аляксандр КошальМінск, 07.10.2018»
***
Ад рэдакцыі: Сапраўды, выбар беларускай мовы на сайце velcom зараз адсутнічае, але версія https://www.velcom.by/be існуе, хоць і не абнаўлялася з 27 верасня. Мы звярнуліся ў кампанію velcom з пытаннямі наконт лёсу беларускамоўнай версіі сайта і вось такі адказ атрымалі.