Як мыць даярку?
Сфармуляваная наверсе задача — даяркі павінны класціся чыстымі ў ложак — патрабуе адпаведнай мабілізацыі чыноўнікаў. Уявім, як будуць праходзіць пасяджэнні вертыкалі.
Маналог кіраўніка
Таварышчы, наша сённяшняе пасяджэнне прысвечана праблеме чысціні свінарак і даярак, якія павінны класціся чыстымі ў ложак з мужыкамі. Не мне вам казаць, наколькі важны гэты ўчастак фронту цяперашняй
пяцігодкі. Інакш на самым высокім узроўні гэта не было б падкрэслена.
Нельга сказаць, што мы топчамся на месцы. Нас цешаць паказальнікі. Як інфармуе Мінстат, у першым квартале колькасць чыстых даярак, якія ляглі ў ложак з мужыком, вырасла на 1,5 працэнта ў параўнанні з
тым жа кварталам мінулага года. А колькасць даярак, якія ляглі напалову памытымі, — на 12 працэнтаў!
Але, на жаль, часам сустракаюцца недахопы. Найперш, кідаецца ў вочы неэфектыўнае выкарыстанне рэсурсаў. Вядома, што можна спаць і без ложку. Напрыклад, на падлозе. У сувязі з гэтым я б сказаў нават
так: мы спім не па сродках.
Недысцыплінаванасць застаецца бічом вёскі. Вынікі праведзенага Камітэтам Дзяржнагляду рэйду ў аграгарадках сведчаць: некаторыя даяркі і мужыкі ў ложку размаўляюць адно з адным на розныя староннія
тэмы. Тым самым губляецца пільнасць, адказны падыход да сну. Навошта ты наогул мылася? Шматлікія партнёры ўначы адлучаюцца з ложку. Я даў распараджэнне. Усім, хто будзе злоўлены ўначы за межамі
ложка, рваць на месцы кантракты.
Не зжыла сябе такая негатыўная з’ява, як валакіта. Удумайцеся ў лічбу: каб зацягнуць даярку ў ложак, бывае, спатрэбяцца суткі, а тое і тыдні. З гэтым трэба канчаць, таварышчы. Таксама як і з
элементамі фармалізму і паказухі. У шматлікіх аграгарадках даяркі і мужыкі толькі робяць выгляд, што спяць. Нашто нам гэтыя дутыя лічбы?
Натуральна, рубам стаіць праблема імпартазамяшчэння. Возьмем Бусанковічы, дзе адміністрацыя закупіла для свінарак партыю бідэ французскай вытворчасці. Я пацікавіўся — аказваецца, сваіх у нас
няма. Трэба таксама асвоіць выраб айчынных бідэ з мясцовых матэрыялаў! Чуеце, таварыш міністр прамысловасці?
Тэма прыпісак таксама заслугоўвае самай сур’ёзнай увагі. Старшыні некаторых аграгарадкоў нярэдка рапартуюць, што сялянкі ў іх чыстыя, мыюць нават ногі. Мы праверылі. Аказваецца, не мыюць,
выбачайце за інтымную дэталь, нават адну нагу. І ў такім выглядзе ідуць у ложак. Кіраўнікоў гэтых аграгарадкоў мы будзем прыцягваць да самай строгай адказнасці. Не выканаў узятага на сябе абавязку па
чысціні даяркі — ідзі і сам спі з мужыком!
Сябры, усе вы ведаеце, што наша краіна з’яўляецца аб’ектам вонкавага ціску. Нам вядома, што ў інтэрнэце распаўсюджваюцца заклікі хлопаць, мычаць, свісцець у ложку. Паверце мне,
гэтым праблему не вырашыш. Ёсць зацверджаныя аблвыканкамам позы, якія змешчаныя на адпаведным сайце. Любыя несанкцыянаваныя позы будуць строга прысякацца. Гэта я вам кажу, міністр унутраных спраў.
Яшчэ адна падобная прэлюдыя — і паляцяць пагоны.
Нам часта кажуць, што наша сістэма мыцця даярак неэфектыўная, што нам яе трэба рэфармаваць. Гэта лухта! Усё, што трэба, — толькі трохі эканоміі. Магчыма, каб спаць з мужыком, даярцы зусім не
трэба мыць усё цела. Дазволю сабе высунуць рэвалюцыйную тэорыю — досыць памыць асобныя месцы. Даручаю Акадэміі навук уважліва вывучыць гэту праблему і падрыхтаваць грунтоўную
справаздачу.
Дзякуй за увагу. Усе пакуль вольныя.