Каля 100 тысяч чалавек убачаць інтэрнэт- і відэапраекты Купалаўскага тэатра

Купалаўскі тэатр распачаў свой выхад у online-прастору, каб заставацца разам з гледачамі нават ва ўмовах адсутнасці магчымасці наведаць тэатр. Оnline-паказы шэрагу спектакляў з архіва тэатра і бягучага рэпертуару, жывыя трансляцыі («Купалаўскі online» і «Купалаўскі дома»), цікавыя праекты («Чытаць я хацеў!»), выпуск другога нумара часопісу «Купалаўскі», які зараз даступны і ў электронным фармаце, — за ўнікальнымі актыўнасцямі Купалаўскага тэатра сочаць не толькі беларускія гледачы, але і аматары тэатра па ўсім свеце.


  У рамках праектаў “Купалаўскі online” і “Купалаўскі дома” адбылося 9 паказаў: спектаклі з бягучага рэпертуару і архіва тэатра, творчы вечар і спектакль-капуснік да 95-годдзя тэатра. На працягу двух тыдняў у сакавіку і красавіку online-паказы і трансляцыі спектакляў Купалаўскага тэатра ўбачылі каля 65 000 гледачоў.
Асабліва палюбіўся гледачамі новы праект “Чытаць я хацеў!”. За два тыдні да праекта далучыліся 13 артыстаў, а агульная колькасць праглядаў online-чытанняў склада больш за 22 тысячы. У рамках праекта прагучалі як урыўкі з любімых усімі беларускай класікі, сусветна вядомыя замежныя творы, а таксама сучасныя беларускія аўтары. Падтрымку праекту аказаў генеральны партнёр тэатра кампанія Mastercard.  


4  траўня ў прамым эфіры відэасэрвіса VOKA артысты тэатра сыгралі спектакль “Ураджай” адмыслова для інтэрнэт-аўдыторыі. А з 1 па 8 мая кожны вечар на YouTube-канале і ў Instagram-акаўнце тэатра артысты Купалаўскага тэатра чыталі ўрыўкі з твора Міхася Зарэцкага “Ой, ляцелі гусі…”.
Пакуль Купалаўскі тэатр не працуе ў звычайным рэжыме, на рэкламных пляцоўках, дзе заўсёды можна ўбачыць афішы спектакляў і праектаў тэатра, мы размясцілі плакаты з жыццяствярджальнымі цытатамі з легендарнага спектакля “Паўлінка”. Вядомыя ўсім выказванні герояў п’есы Янкі Купалы таксама дапоўнены пажаданнямі ад купалаўцаў — гэта падтрымка кожнаму беларусу ад тэатра, пажаданне берагчы сабе ў чаканні сустрэчы з гледачамі.
Купалаўскі тэатр таксама падрыхтаваў спецыяльны відэаролік “Мы вернемся! Ваш Купалаўскі”. Паглядзець яго можна ў сацыяльных сетках і на YouTube-канале тэатра.