Каляды ў Мінску: Санстанцыя, Смерць і Навязлівы Менеджэр па продажах

Канец снежня і пачатак студзеня — час для калядаванняў. Разам з традыцыйнымі абыходамі двароў, што захаваліся ў вёсках і невялікіх гарадах, сёння калядоўнікі ходзяць і па сталіцы.

bmwprz_xq50.jpg


Нехта пільнуецца астранамічнага Сонцавароту, іншыя глядзяць на каталіцкія і праваслаўныя даты. Суполкі калядоўнікаў утвараюцца звычайна з сяброўскіх кампаній. Малодшае пакаленне, бывае, разумее, што трэба апрануцца ў касцюмы, але «забываецца», што варта яшчэ выканаць хоць якую песеньку ці вершык, пажадаць што-небудзь гаспадарам. У Бараўлянах, напрыклад, «калядаванне» складаецца з прамовы: «Каляда-каляда, дайце рубль альбо дваццаць».

zuauzlvl4og.jpg


Рэканструкцыя «класічнага» палескага калядавання (з персанажамі кшталту Казы, Мядзведзя, Дзеда, Бабы і г. д.) у горадзе — з’ява апошніх 30-40 гадоў. Не так шмат, але і нямала! Напрыклад, Сяргей Дубавецу кнізе «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду» даводзіць, што першай публічнай акцыяй суполкі было акурат калядаванне: «… я паклікаў вас у халодную цёмную пустату менскай Цэнтральнай плошчы на Каляды 1980 году, дзе адбыўся цуд — выхад беларускай ідэі з інтэлігенцкіх кабінетаў і майстэрняў на вуліцу… раптоўны натоўп калядоўнікаў, які ўваліўся ў гэтую халодную цёмную пустату выглядаў ці то дурным жартам, бо тады не жартавалі, ці то збоем у адзінстве часу і месца…»

1tjltlijujc.jpg


«Майстроўня» пачыналася з заняткаў традыцыйнымі спевамі на філалагічным факультэце БДУ, якія праводзіла кампазітарка Ларыса Сімаковіч для Вінцука Вячоркі і яго сяброў. У 1986-м у Гомлі ўзнікла арганізацыя «Талака», сябры якой таксама цікавіліся фальклорам.
У Беларусі прынята разглядаць сяброў «Талакі» і «Майстроўні» як студэнтаў, што «пагуляліся» з традыцыйнай культурай і пайшлі займацца сур’ёзнымі справамі (палітыкай). Між тым, «Талака» існуе дасюль (нядаўна адзначылі яе 30-годдзе) і займаецца даследчай дзейнасцю, ладзіць этнаграфічныя экспедыцыі. Ларыса Сімаковіч увасабляе фальклорныя матывы на сцэне Дзяржаўнай філармоніі, кіруе фольк-тэатрам «Госціца».
Таму цікавасць да фальклору ў беларускім горадзе 1980-х — гэта не толькі пачатак нацыянальнага руху, але і агульная тэндэнцыя савецкай прасторы таго часу: з’яўленне «практычнай» ці «эксперыментальнай» фалькларыстыкі. Даследчыкі з навуковымі ступенямі спрабавалі не толькі вывучаць, але і ўвасабляць традыцыйную культуру, пераймаць і даваць ёй новае жыццё, самі ці кансультуючы ансамблі, што арыентаваліся на аўтэнтычныя, неапрацаваныя ўзоры народнай культуры.

vpfcyqr5fhs.jpg


З пачатку 1980-х моладзевыя фальклорныя гурты па ўсім СССР сталі спрабаваць святкаваць традыцыйныя святы ў горадзе. І калядны персанаж Белы Афіцэр у Санкт-Пецярбургу глядзеўся не менш экзатычна, чым Каза ў Мінску.
Сёння «прасунутыя» беларускія калядоўнікі, што чыталі кніжкі па фалькларыстыцы, збольшага арыентуюцца на ўзнаўленне аўтэнтычных узораў. На гэтым фоте цікавымі выглядаюць развагі арганізатара аднаго з мінскіх калядных гуртоў Барыса Шчукі: «Калядныя персанажы маглі быць сімваламі прадстаўнікоў навакольнага хаосу — небяспечных, злавесных, драпежных, незразумелых. Прадстаўнікоў тых прастораў, што знаходзяцца па-за звыклай і прадказальнай паўсядзённасцю грамады. Для беларусаў этнаграфічнага перыяду (XIX – пач. XX ст.) чужасветнымі сярод іншага былі істоты з дзікай прыроды (мядзведзь, воўк), прадстаўнікі афіцыйных установаў (паліцыянт, поп) і іншых нацыянальнасцяў (жыд, цыган). Сёння чужасць гэтых істотаў не настолькі адчувальная і актуальная. Дзікая прырода і звяры нас не турбуюць і ня тычацца зусім. Мы займелі сваю, а не чужую дзяржаву з сістэмай установаў і пасадаў (праўда, часта міліцыянты і святары ўсё яшчэ ўспрымаюцца як несяброўскія сілы). Урбанізацыя трошкі размыла монаэтнічнасць і зрабіла людзей з некаторых іншых народаў куды больш «сваімі».
Румяны кантралёр. Санстанцыя. Сведкі Іеговы. Распаўсюджвальнік Oriflame ці Faberlic. Пярэварацень у пагонах. Баявік ІДІЛ. Ватнік. Гопнік. МНСнік з праверкай пажарнай бяспекі. Турак — інвестар у нерухомасць. Прадавец білетаў «Наша лато». Чым не інфернальныя істоты, якія могуць «тэрарызаваць» няшчасных гаспадароў і патрабаваць Долі на Зімовыя святкі? Спіс можа быць бясконцым, калі падключыць фантазію
».


Рэдакцыя Вольнага архіву пахадзіла ў складзе аднаго гурта калядоўнікаў у Мінску. У гэтым калядаванні ад «традыцыйных» персанажаў засталася толькі Каза. Але і тая носіць моднае футра з торбачкай, робіць манікюр на капытцы і працуе лабаранткай у санстанцыі. Гурт калядоўнікаў, фронтмэн у якім — рэвізорка Тамара Цыліндрычная, «правярае» ў хаце ўзровень вітамінізацыі паветра, шуму, наяўнасць няўзгодненай перапланіроўкі… Міліцыянт складае пратакол на гаспадара пасля таго, як лабарантка Каза «памёрла», узяўшы пробу ежы і напояў. Усе праблемы прапануюць вырашыць Навязлівы Менеджэр па продажах, што гандлюе слоікамі з шумам ды вітамінамі, і Поп, што «адпявае» Казу і прапануе ахвяраваць на паркоўку ля храму, але камісія іх адганяе. Бог-жабрак заклікае ахвяраваць тым, хто сапраўды мае патрэбу ў дапамозе, а не махлярам і бюракратам, пасля чаго Каза аджывае, а гаспадар атрымлівае пасведчанне аб адпаведнасці хаты нормам Раю першай катэгорыі.


Фота Аляксея Піскуна з суполкі Вольнага архіву ў ВК