Кніжкі з карцінкамі пра Віту Белую Крэску ўжо ў продажы!

Дзве новыя кнігі для дзяцей выйшлі ў серыі «Каляровы ровар» Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў. Яны аб’яднаныя імем аўтаркі — шведскай мастачкі, ілюстратаркі і пісьменніцы Сары Лундберг, і галоўнай гераіняй абедзвюх гісторый, якую завуць Віта Белая Крэска. Па-беларуску гэтыя творы загучалі дзякуючы перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч.



У кнізе «Віта Белая Крэска» Сара Лундберг выступае ў ролі пісьменніцы і мастачкі адначасова. Гэтая кніга распачала серыю кніг пра дзяўчынку Віту, якая малюе крэскі на дарогах. 
У першай гісторыі (2009) аўтарка знаёміць чытачоў з дзяўчынкай Вітай, якая дапамагае хлопчыку перайсці дарогу і малюе пешаходны пераход. Кніга аформленая ярка, незвычайна і сімвалічна.
Другое выданне «Віта Белая Крэска і Эйвінд» (2011) Сара Лундберг аздабляе яшчэ больш дэталёва. Гэта гісторыя пра тое, як у Віты з’яўляецца сябар Эйвінд, але амаль адразу ж знікае, і Віта выпраўляецца яго шукаць.
У 2013 з’явілася трэцяя кніга пра Віту, «Эйвінд і край свету», якая пакуль што не перакладзеная на беларускую.
Перакладаць серыю заўсёды цікава, бо назіраеш, як мяняюцца не толькі персанажы гісторыі, але часам і пісьменніца разам з імі, яе стыль апавядання. Бо першая кніга пра Віту напісаная ў больш педагагічнай манеры, а ў другой і трэцяй кнізе Сара Лундберг уздымае больш філасофскія пытанні, выкарыстоўвае кантрастныя дэтальныя вобразы, як у апісанні, так і ў малюнках.
Асаблівасцю кніг Сары Лундберг я б назвала тое, што тэкст і ілюстрацыі жывуць адным жыццём, яны рухаюцца разам і з’яўляюцца нібы працягам адно аднаго. І было цікава сачыць за гэтым рухам, за сугучнасцю слоў і малюнкаў і перадаваць гэта ў перакладзе, — распавядае Надзея Кандрусевіч.
Выданні «Віта Белая Крэска» і «Віта Белая Крэска і Эйвінд» можна знайсці ў мінскіх крамах «ЛогвінаЎ» (Пр. Незалежнасці, 37а) і «Веды» (вул. К. Маркса, 36). У хуткім часе яны будуць даступныя ў іншых кнігарнях — сталічных і па ўсёй Беларусі. Цікаўцеся!
 Прэс-служба ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў»