Літара «Ў» пад пагрозай. У яе падтрымку стартаваў новы праект

Літара «Ў» пад пагрозай. Пакуль толькі ў казцы, дзе ёй пагражае злая чарадзейка Марана, якая разам з іншымі персанажамі прадстаўлена ў музычным альбоме для дзяцей «Неверагодныя прыгоды літары «Ў». На яго выданне ў Беларусі распачалася кампанія па зборы сродкаў на пляцоўцы Ulej.by.

dsc_0524.jpg


«Неверагодныя прыгоды літары «Ў» — гэта не толькі тэатральна-музычны праект беларускага кампазітара і сцэнарыста Рамана Арлова, але і будучы музычны альбом. Галоўным героем тэатральна-музычны праекту, складзенага з аўтарскіх дзіцячых казак, не выпадкова стала адна з літар беларускага алфавіта.

У чым адметнасць альбома?

У сваёй незвычайнасці. На сёння вельмі мала тэатральных і музычных праектаў для дзяцей на беларускай мове, тым больш з беларускім кантэкстам, які б датычыўся беларускай гісторыі і культуры.

Альбом складаецца з 12 трэкаў, сярод якіх «Ляцім мы вясну вызваляць», «Чароўны бор», «Ярыла-сонца», «Хіп-хап Бусліка», «Марана супраць літары «Ў».  

Сярод герояў песень Воўк, Каза, Жыжаль, Лёля, Ярыла, Зюзя, Марана, Буслік, Стаўры і Гаўры — чарадзейныя персанажы, якія жывуць у казачнай краіне — Чароўным Бары.

Акрамя ўласна песень на дыску можна будзе знайсці і музыку да іх (мінусоўкі), а таксама кніжку-укладыш з тэкстамі — для сямейнага і пазакласнага выканання. Альбом можна выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы святаў, школьных ранішнікаў.

Адным з варыянтаў яго распаўсюджвання стануць арыгінальныя памятныя паштоўкі з прома-кодам — спасылкай, праз якую можна будзе ў любы час спампаваць альбом.

kazka_pra_u_a.jpg


Чаму варта падтрымаць выпуск музычнага альбома?

  • Густоўны падарунак для дзяцей да Раства і Новага года!
  • Цікавы дапаможнік для бацькоў і настаўнікаў па спевах і пастаноўцы народных святаў.
  • Займальны шляхаводнік па свеце беларускай міфалогіі.
  • Выдатны памочнік у вывучэнні беларускай мовы.


dsc_0496_1.jpg


А ўласна падтрымаць выданне альбома і замовіць яго, а заадно і квіток на каляднае прадстаўленне літары «Ў», што адбудзецца 30 снежня ў мінскім маладзёжным Тэатры беларускай эстрады, можна ТУТ. 
Фота Кастуся Антановіча