Літаратурны фестываль «Знак роўнасці» пройдзе ў Мінску
З 17 па 19 лістапада ў Мінску Саюз беларускіх пісьменнікаў арганізуе літаратурны фестываль «Знак роўнасці», які мае на мэце актуалізаваць дзейнасць тых творцаў, якія почасту выціснутыя на перыферыю беларускага літаратурнага працэсу.
Крытычны погляд на айчынную літаратурную сітуацыю па-ранейшаму выяўляе яе цэнтралізаванасць і іерархічнасць. Аднак наша грамадства не стаіць на месцы, ім на змену прыходзіць павага да іншасці і разнастайнасці. Але наколькі беларуская літаратура гатовая адпавядаць выклікам часу?
Трохдзённая праграма фестывалю “Знак роўнасці” прапануе звярнуцца да жаночай прысутнасці ў сучаснасці і мінулым беларускай літаратуры і тэатру, даць магчымасць беларускім пісьменніцам абмяняцца меркаваннямі, агучыць пісьменніцкі досвед рэгіянальных аўтараў і абмеркаваць асаблівасці літаратурнага жыцця па-за межамі сталіцы, а таксама разгледзець асноўныя спосабы гаварэння пра іншасць у дзіцячай літаратуры.
Беларуская дыскусійна-лекцыйная частка праграмы будзе прадстаўленая такімі імёнамі як Вальжына Морт, Алена Брава, Таццяна Скарынкіна, Марыя Мартысевіч, Вольга Гапеева, Аксана Данільчык, Віктар Жыбуль, Таццяна Барысік, Аляксей Братачкін, Таццяна Арцімовіч, Аляксей Стрэльнікаў, Альгерд Бахарэвіч, Марына Казлоўская, Ганна Бутырчык, Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская, Ганна Янкута, Анка Упала, Тацяна Сяцко, Юлія Чарняўская, Юля Цімафеева, Анатоль Брусевіч і іншымі.
Таксама ў дыскусіі, прысвечанай актуальнасці “жаночага” пытання, возьмуць удзел пісьменніцы Ульрыка Кэрнборг (Швецыя) і Хэйдзі Мары Крызнік (Нарвегія).
А пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску пройдзе прэзентацыя кнігі выбраных вершаў Дароты Коман “36 квадратных мэтраў думак” з удзелам перакладчыка Андрэя Хадановіча.
Цягам трох дзён акрамя дыскусій, лекцый і прэзентацый наведнікаў і наведніц чакаюць літаратурныя чытанні ад Валянціны Аксак, Сабіны Брыло, Насты Кудасавай, Людмілы Рублеўскай, Людкі Сільновай, Таццяны Нядбай, Вікі Трэнас і ўдзельнікаў ды ўдзельніц дыскусій.
Музычную частку праграмы прадставіць Паліна Рэспубліка.
Усе мерапрыемствы фестывалю адбудуцца ў Галерэі ТУТ.бай (пр-т. Дзяржынскага, 57). Уваход паўсюль ВОЛЬНЫ
ПРАГРАМА
Пятніца (17.11)
Пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску
18.00 – Адкрыццё фестывалю. Выступ арганізатараў. Адкрыццё стэнда з кнігамі беларускіх пісьменніц.
18.15–19.30 – Міжнародны круглы стол “Хто танчыць на мінным полі і жыве ў ружовым гета: дыскусія на тэму ідэнтычнасці ў літаратуры”. Мадэратарка – Вольга Гапеева. Удзельніцы: Хэйдзі Мары Крызнік, Ульрыка Кэрнборг, Вальжына Морт, Юля Цімафеева.
19.35–20.20 – Прэзентацыя “жаночых” кніг з выдавецкіх серый “Саюза беларускіх пісьменнікаў”: Валянціна Аксак, Сабіна Брыло, Наста Кудасава, Людміла Рублеўская, Людка Сільнова.
20.20–21.10 – Прэзентацыя кнігі выбраных вершаў Дароты Коман “36 квадратных мэтраў думак”. З удзелам аўтаркі і перакладчыка Андрэя Хадановіча. У межах “Месяца польскай літаратуры”.
21.10–21.40 – Спецыяльная госця – Паліна Рэспубліка.
Субота (18.11)
15.00–16.15 – “Беларускія пісьменнікі ў рэгіёнах: ці шкодзіць таленту правінцыя?” Мадэратарка – Алена Брава. Выступоўцы: Таццяна Барысік, Анатоль Брусевіч, Таня Скарынкіна.
16.30–17.30 – Лекцыя Ганны Янкуты “Літаратура – яна мая: беларускія пісьменніцы ХХ–ХХІ ст.”.
17.40–18.20 – Прэзентацыя анталогіі беларускай жаночай паэзіі 1920-30-х “Бліскавіцы”. Аксана Данільчык і Віктар Жыбуль.
18.30–20.00 – “Безназоўнае: прэзентацыя жаночага досведу ў беларускай гуманітарнай адукацыі”. Мадэратарка – Марына Казлоўская. Выступоўцы: Аляксей Братачкін, Ганна Бутырчык, Ганна Янкута.
20.30–21.30 – Літаратурныя чытанні: Таццяна Барысік, Анатоль Брусевіч, Вольга Гапеева, Аксана Данільчык, Таццяна Нядбай, Таццяна Скарынкіна.
Нядзеля (19.11)
14.00–15.30 – “Сэкс і сэксуальнасць у беларускай літаратуры”. Мадэратарка – Таня Сяцко. Выступоўцы: Альгерд Бахарэвіч, Алена Казлова, Марыя Мартысевіч.
16.00–16.45 – Лекцыя Надзеі Кандрусевіч-Шыдлоўскай “Досвед іншасці ў дзіцячай літаратуры Швецыі”.
17.00–18.15 – Дыскусія “Жаночыя тэксты і кантэксты ў беларускім тэатры”. Мадэратарка – Таня Арцімовіч. Выступоўцы: Вальжына Морт, Аляксей Стрэльнікаў, Юлія Чарняўская.
18.30–19.15 – Спектакль “Мова Х” (паводле Вальжыны Морт, рэж. Аляксей Стрэльнікаў).
19.30–21.00 – Закрыццё фестывалю. Літаратурныя чытанні: Альгерд Бахарэвіч, Анка Упала, Марыя Мартысевіч, Вальжына Морт, Віка Трэнас, Юля Цімафеева.
Даведка па тэл. +375 17 200-80-91