Магдалена — дачка Хмары

Да прыезду ў Канаду пра гэтую жанчыну я ведала толькі тое, што яна з’яўляецца дачкой Сяргея Хмары, аднаго з самых вядомых і супярэчлівых дзеячаў беларускай паваеннай эміграцыі. (На здымку: Магдалена Зіняк. 2011 г.)



a0205b87490c847182672e8d371e9948.JPG

Да прыезду ў Канаду пра гэтую жанчыну я ведала толькі тое, што яна з’яўляецца дачкой Сяргея Хмары, аднаго з самых вядомых і супярэчлівых дзеячаў беларускай паваеннай эміграцыі.

(На здымку: Магдалена Зіняк. 2011 г.)


Магдалена, маючы даволі высокую пасаду на тэлебачанні, амаль што не кантактуе з беларускім асяродкам, а таму застаецца для суродзічаў чалавекам закрытым і, дзякуючы бацьку, паўлегендарным. І менавіта ад яе залежаў доступ да папераў Сяргея Хмары, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Канады. Менавіта праз тыя матэрыялы мы і пазнаёміліся.
Сяргей Хмара
Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч са Слоніму Сяргей Хмара (сапр. Сіняк, на эміграцыі Марыян Зіняк, 1905–1992) пачаў працу на беларускай ніве яшчэ ў 1920-х. Менавіта тады ён як сябра ТБШ займаўся стварэннем беларускіх школ, як сябра Беларускай сялянска-работніцкай грамады ствараў яе гурткі на Слонімшчыне, пазней як сакратар пасольскага клуба «Змаганне» ў Пінску спрабаваў заснаваць беларускую гімназію і выдаваць часопіс. Ініцыятываў і працы было шмат, нездарма на адным з судовых працэсаў над Сяргеем Сіняком суддзя назваў яго «лятаючым рыцарам Грамады». За сваю актыўную грамадскую дзейнасць гэты чалавек пры польскай, савецкай і нямецкай уладах агулам адсядзеў каля 11 гадоў, зведаў і Лукішкі, і Картуз-Бярозу, і турмы ў Гародні, Пінску, Берасці, Слоніме.
Яшчэ ў 1920-х ён пачаў і літаратурную дзейнасць, і ў 1939 годзе нарэшце пабачыла свет ягоная першая кніга вершаў «Жураўліным шляхам», на вокладцы якой быў пазначаны псеўданім Хмара. Пад гэтым псеўданімам ён увайшоў не толькі ў беларускую літаратуру, але і ў грамадскую прастору беларускай паваеннай эміграцыі.
У 1949 годзе ён апынуўся ў Канадзе, дзе ад самага пачатку развіў актыўную дзейнасць. На той момант ён быў ужо вядомы як стваральнік Літаратурнай сустані «Баявая Ускалось» і выдавец аднайменнага часопіса, аўтар некалькіх, выдадзеных у паваеннай Нямеччыне і даволі папулярных у беларускім эміграцыйным асяроддзі кніг (прыкладам, «Аб багох крывіцкіх сказы», што зведала некалькі выданняў).

Сяргей Хмара. 1955 г.

Магіла Сяргея Хмары ў Таронта
 

Але ці не найбольш вядомым Сяргей Хмара стаў як непрымірымы змагар з палітычным расколам. Ён не прымаў падзелу беларусаў на прыхільнікаў Рады БНР або Беларускай Цэнтральнай Рады. Не прымаў і жорстка крытыкаваў палітычных лідараў, чым нажыў сабе ворагаў у тым ліку і ў беларускай грамадзе ў Канадзе.
Газета Хмары «Беларускі голас», што выдавалася ў Канадзе ў 1952–1992 гадах, стала адным з найбольш працяглых эміграцыйных выдавецкіх праектаў. Праз сваю вострую і не заўсёды абгрунтаваную крытыку беларускіх эміграцыйных рэалій «Беларускі голас» аб’яднаў у нелюбові да сябе значную частку суродзічаў на Захадзе. І тым не менш, газета мела шмат карэспандэнтаў і дасылалася ў Аўстралію, ЗША, Вялікабрытанію, Аргенціну, Бразілію, Нямеччыну, Францыю і іншыя краіны прысутнасці беларусаў. Яе, бадай, аднаасобны выдавец Сяргей Хмара меў вялікае ліставанне з дзясяткамі беларускіх (і не толькі) дзеячаў у розных краінах. І гэтая карэспандэнцыя склала аснову ягонага архіву, перададзенага пасля смерці дзеяча ягонымі сваякамі ў Нацыянальны архіў Канады ў Атаве.
Магдалена
Архіў Сяргея Хмары для метрапольных беларусаў выглядаў чымсьці амаль міфічным. Мне вельмі хацелася, калі ўжо я апынулася ў Нацыянальным архіве Канады, пабачыць гэтыя матэрыялы. Аднак для атрымання доступу да такіх прыцягальных папераў спатрэбілася некалькі тыдняў і актыўныя перамовы з архівістамі, а апошніх, адпаведна, з Магдаленай Зіняк — малодшай дачкой Сяргея Хмары і распараджальніцай ягонага архіву.
У выніку я не толькі атрымала магчымасць папрацаваць з матэрыяламі легендарнага фонду, дзе, што праўда, аказалася не так шмат сенсацыйнага, як чакалася, але і пазнаёмілася з самой Магдаленай. Жанчына выказала цікавасць да маёй даследчай працы і разам з дазволам на прагляд папераў прапанавала спаткацца. У подпісе электроннага ліста была пазначана яе пасада: «Нацыянальны віцэ-прэзідэнт OMNI-Television».
Тэлекампанія OMNI, у кіраўніцтва якой уваходзіць Магдалена Зіняк, — гэта мультыкультурнае тэлебачанне, дзе транслююцца праграмы ў розных мовах і для прадстаўнікоў розных этнічных групаў, што жывуць у Канадзе. Яна мае пяць станцый у Таронта, Атаве, Калгары, Ванкуверы і Эдмантане, і вяшчае на 40 мовах. На жаль, беларуская ў гэты спіс не ўваходзіць. На пытанне «чаму?» Магдалена пры нашым першым спатканні ў Атаве адказала, што паколькі тэлекампанія камерцыйная, то ўсе нацыянальныя групы, зацікаўленыя ва ўласных перадачах, мусяць плаціць за іх, а беларуская грамада, відаць, занадта малая, каб утрымліваць сваю праграму, таму што такой ініцыятывы не выказвала.
Беларусам складана параўнацца з украінцамі, якіх у Канадзе каля мільёну, палякамі, рускімі і іншымі значна больш колькаснымі на эміграцыі нацыямі. Аднак гэта не значыць, што пра беларусаў на тэлеканале не ведаюць. Сама Магдалена, якая нядрэнна для чалавека, народжанага па-за межамі Беларусі, размаўляе па-беларуску, паўсюль пазіцыянуе сябе менавіта як беларуска. І яе падначаленыя, і асобы, з якімі яна сутыкаецца па сваіх прафесійных і іншых справах, у тым ліку і на найвышэйшым узроўні, ведаюць, што яна беларуска. Ад самага пачатку сваёй кар’еры журналістка, як і бацька, мела на мэце паўсюль рэпрэзентаваць Беларусь. Час ад часу Магдалена піша артыкулы, прысвечаныя беларускай журналістыцы і наогул беларусам у Канадзе для розных выданняў.
Адным з першых маіх пытанняў у гутарцы было, чаму абмежаваны доступ да архіву. Перагледзеўшы паперы, я сама не змагла адказаць на яго, таму было вельмі цікава даведацца пра гэта ад самой ініцыятаркі. Магдалена адказала проста: улічваючы ў пэўнай ступені «дысідэнцкі» статус Сяргея Хмары ў дачыненні да Беларусі, а таксама негатыўнае стаўленне ягонай дачкі да сучасных беларускіх уладаў, яна не хацела, каб нейкія афіцыйныя асобы корпаліся ў паперах яе бацькі. Толькі і ўсяго.
Магдалена шмат распавядала пра бацьку, пра ягонае настойлівае жаданне, каб пасля смерці паперы трапілі ў Нацыянальны архіў Канады і захаваліся для гісторыі. Яна ўсё зрабіла, як ён жадаў. Гэтая, безумоўна, неардынарная жанчына, з шэрагу тых, што на Захадзе называюць self-made person, вельмі ўдзячная свайму бацьку за выхаванне моцнага характару, без якога яна б не дасягнула столькі ў жыцці.
Шлях наверх

Магдалена нарадзілася, калі бацьку было 52 гады і, паводле яе словаў, Сяргей Хмара быў вельмі патрабавальны да сваёй малодшай дачкі, яна павінна была ўсё ведаць і ўсё ўмець, выхоўвалася смелай і настойлівай. У хаце заўсёды былі дзве мовы: беларуская ад бацькі і руская ад маці. Гэтаксама па чарзе яна хадзіла ў цэрквы: з маці ў рускую, з бацькам у беларускую.
Сяргей Хмара ў Канадзе ад пачатку, як і іншыя эмігранты, мусіў зарабляць на жыццё на некваліфікаванай працы, аднак большасць свайго вольнага часу прысвячаў газеце. «Беларускі голас» быў справай ягонага жыцця. І ад маладых гадоў Магдалена дапамагала бацьку. Яшчэ зусім малую, ён браў яе з сабою ў вазку ў друкарню, калі здаваў газету, і ўсім расказваў, што яна будзе журналісткай. Напрарочыў.
Спачатку Магдалена проста дапамагала бацьку рыхтаваць матэрыялы для газеты, а ад 1975 года была сталым супрацоўнікам рэдакцыі і разам з Хмарам удзельнічала ў розных культурных мерапрыемствах, дзе прадстаўляла і «Беларускі голас», і Беларусь. У той час дзяўчына ўжо вучылася ў Таронтаўскім універсітэце і сапраўды абрала сваёй прафесіяй журналістыку, у якой аддала перавагу тэлебачанню.
Сяргей Хмара шмат кантактаваў з рознымі ўрадавымі і парламенцкімі дзеячамі, у тым ліку і ў пошуках фінансавання для газеты (у сямейным архіве ёсць і фотаздымкі з канадскімі прэм’ер-міністрамі). Сродкамі на выданне дапамагалі і парафіяне царквы Св. Ефрасінні Полацкай у Таронта. Аднак багата грошай ішло з уласнага бюджэту сям’і Зінякоў. Магдалена ўзгадвала, як аддавала і частку сваіх першых заробкаў на бацькаву газету.
1950–1960-я гады ў Канадзе былі складаным часам. Улады і грамадства даволі насцярожана ставіліся да эмігрантаў і іх ініцыятываў, баючыся «камуністычных прывідаў». І ў гэты час Сяргей Хмара стаў рэалізоўваць другую вялікую справу свайго жыцця, у якой таксама добрай памочніцай стала дачка Магдалена, гуртаванне этнічных журналістаў. Менавіта ён стаў адным з заснавальнікаў Клубу канадскіх этнічных журналістаў і пісьменнікаў, які потым ператварыўся ў Канадскую асацыяцыю этнічных медыяў. Яна аб’яднала сотні працаўнікоў газет, радыё, тэлебачання розных нацыянальнасцей, якія хацелі прадстаўляць свае краіны, пашыраць інфармацыю пра іх. Доўгія гады (да сваёй смерці) Марыян Зіняк быў выканаўчым дырэктарам клубу, а сёння старшынёй асацыяцыі з’яўляецца ягоная дачка.
Магдалена пачынала сваю кар’еру на тэлебачанні ў 1979 годзе ад самага заснавання першай канадскай шматкультурнай тэлевізіі — так званай Canada’s first multilingual television (CFMT). У 1980-м яна атрымала пасаду прадусара на Дзясятым канале кабельнага тэлебачання вядомай канадскай кампаніі «Роджэрс». Але ў 1987 годзе Магдалена перайшла зноў у CFMT (або OMNI-1, разлічаную на этнічныя групы з Еўропы і Лацінскай Амерыкі), якая цяпер таксама належала «Роджэрсу». Тут цягам наступных больш як дзесяці гадоў жанчына працавала на пасадах менэджэра, дырэктара, выканаўчага прадусара, віцэ-прэзідэнта. Ужо на пачатку ХХІ стагоддзя, калі з’явілася яшчэ і тэлевізія OMNI-2 (для эмігрантаў з Азіі і Афрыкі), яе запрасілі ў кіраўніцтва ўсёй OMNI-Television на пасаду віцэ-прэзідэнта.
Імклівая кар’ера суправаджалася вялікай працай у галіне канадскага шматкультуралізму, пашырэннем сеткі этнічных праграм і колькасці станцый, за што Магдалена Зіняк была неаднаразова ўзнагароджаная на розных узроўнях. У яе скарбонцы ганараванні ад нацыянальных арганізацый: латышскай, эстонскай, рускай, вугорскай, македонскай і іншых, а таксама найвышэйшая ўзнагарода правінцыі Антарыё — Ордэн Антарыё (2001) ды найвышэйшая дзяржаўная ўзнагарода — Ордэн Канады (2009).
У сучаснай канадыйскай журналістыцы беларуска Магдалена Зіняк на першых ролях. Побач з афіцыйнай працай яна «на грамадскіх пачатках» удзельнічае ў шэрагу розных арганізацый, у тым ліку жаночых. Як сябра арганізацыі, што займаецца праблемамі свабоды слова, Магдалена ведае, што Беларусь сёння сярод лідараў у свеце па колькасці зняволеных за прафесійную дзейнасць журналістаў.
Тры гады таму дачка Хмары наведвала бацькаву радзіму. Яна пабывала ў Слоніме, Сынкавічах, Зэльве, Гародні. Ехала з перасцярогай, як прыме краіна дачку дзеяча, што сядзеў амаль пры ўсіх уладах, пры якіх жыў. Але паездкай засталася задаволеная: і месцы, і людзі — усё сваё. Каб жа толькі яшчэ сапраўднай свабоды бацькавай краіне!

Наталля Гардзіенка