Пайшоў з жыцця музыка Леанід Нарушэвіч

Мінулай ноччу не стала музыкі Леаніда Нарушэвіча. Пра гэта паведаміла дырэктарка музею Азгура ў Мінску, дзе Леанід рэгулярна ладзіў свае імпрэзы.

Фота з фэйсбука Леаніда Нарушэвіча

Фота з фэйсбука Леаніда Нарушэвіча

Леанід Нарушэвіч пачаў граць напрыканцы 80-ых гадоў, быў чальцом гуртоў «Інтэр» і «Зарціпо», працаваў гукарэжысёрам на розных мінскіх радыёстанцыях. У 91-ым стварыў уласны калектыў інтуітыўнай імправізацыі «Князь Мышкін», з якім выступаў да апошніх дзён. Праз гурт прайшлі дзясяткі музыкаў розных пакаленняў, засталіся дзясяткі студыйных і канцэртовых запісаў. За час існавання гурт паспеў выступіць у розных гарадох Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Літвы ды Расіі, паўдзельнічаць у тэатральных пастаноўках, тэлеперадачах і фестывалях, запісаў шэраг саўндтрэкаў для кіно. Цягам 90-ых Леанід Нарушэвіч праводзіў уласны фэст «Сіні Перац», піша racyja.com.
Дзякуючы Леаніду Нарушэвічу чытачы «Новага Часу» маглі даведацца пра розныя цікавыя музычныя імпрэзы. Рэдакцыя выказвае свае шчырыя спачуванні блізкім Леаніда Нарушэвіча.
Дзе ды калі адбудзецца развітанне з музыкам, будзе паведамлена пазней.