Памёр кінарэжысёр Уладзімір Дашук
У ноч на 30 ліпеня пайшоў з жыцьця беларускі кінарэжысёр Уладзімер Дашук. Не вытрымала сэрца.
Уладзіміра Дашука пахаваюць у вёсцы Пярэжыр Пухавіцкага раёна — гэта родная вёска ягонай маці. Развітанне адбудзецца 31 ліпеня ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёну.
Кінарэжысёр Віктар Аслюк заявіў Радыё Свабода: «Перад смерцю ўсялякая творчасць становіцца на другое месца. Шкада — 50 гадоў… Вова мала здымаў.
Фактычна ў яго была паўза 20 гадоў. І толькі за 2 апошнія гады ён зрабіў некалькі фільмаў».
«Гэта быў адзін з найцікавейшых рэжысёраў свайго пакалення. Ён першы адкрыў хвалю кіно, якая звярталася да тых бакоў жыцця, якіх раней кінематограф пазбягаў. Уладзімір Дашук рабіў гэта
высокапрафесійна, — кажа знаўца беларускага дакумэнтальнага кіно Галіна Шур. — Можна прыгадаць ягоныя фільмы «Жарсць» і «Партрэт з
сякерай». Гэта былі першыя спробы пранікнуць у тое, што мы называем менталітэтам сучаснага чалавека. Стужка «Партрэт з сякерай» — ад імя свайго пакалення ён
спрабаваў зразумець духоўныя вытокі, якіх трымаюцца людзі старэйшага веку. Я памятаю ягоны фільм «Калыска гойдаецца над безданню». Ён спрабаваў зразумець смерць як з'яву: як
нам ставіцца да гэтага? Ён тады яшчэ быў вельмі малады. Але гэтая тэма яго цікавіла. У кожнай ягонай карціне былі адвечныя пытанні».
Галіна Шур адзначае: «Уладзімір Дашук быў вельмі неардынарнай асобай. Замены яму сярод маладога пакалення я не бачу».
Аднакурснік Уладзіміра Дашука Сяргей Дубавец:
«Мы бачыліся зусім нядаўна, на пачатку лета ў Строчыцах на сустрэчы выпускнікоў нашага курсу. Мы скакалі полечку з нашымі дзяўчатамі. Валодзя не скакаў і толькі назіраў за намі. Хоць,
здавалася, ён амаль не змяніўся са студэнцкіх часоў. Ён быў вельмі стрыманы.
Мне ягонае аблічча прыходзіць на розум кожны раз, калі ўдумваюся ў слова «дзяцюк». Вось да такіх і звяртаўся ў сваіх пракламацыях Каліноўскі.
Валодзя Дашук быў дзецюком (незалежна ад шлюбаў, дзяцей, узросту). Такі маруднаваты ў рухах, разважлівы маладзён, унутрана заўсёды гатовы да мабілізацыі. Такім ён быў у студэнцкія гады, такім я
яго пабачыў на пачатку лета, такім ён застаўся назаўсёды».
Уладзімір Дашук нарадзіўся ў 1962 годзе.
У 1984 скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Спецыяльнасць: рэжысёр, сцэнарыст, журналіст.
З 1983 пачаў працу на кінастудыі «Беларусьфільм» асістэнтам рэжысёра.
Рэжысёрскім дэбютам стаў дакумэнтальны фільм «Партрэт з сякерай» пра нацыянальнага скульптара з далёкай беларускай глыбінкі.
У 1990 уступіў у Саюз кінэматаграфістаў.
За час працы на кінастудыі здымаў дакументальныя і публіцыстычныя мастацкія фільмы паводле ўласных сцэнароў.
У 1992 заснаваў студыю відэафільмаў «Знаменне».
У 1994 заснаваў рэкламнае агенцтва «Ніць Арыядны». З тых часоў зняў больш за сорак рэкламных кліпаў і прэзентацыйных фільмаў.
Фільмаграфія:
«Партрэт з сякерай», «Грэх» (абодва — 1987);
«Калі-небудзь», «Пейзаж пасля бітвы» (абодва — 1989);
«Калыска гойдаецца над безданню» (1990);
«Форс-мажор», «Ратуйце нашы душы» (1992);
«Мы ўсё ж такі ёсць» (1995);
«Жарсць» (2009) — прыз за лепшую рэжысёрскую працу ў Беларусі.
У 2012-м фільм Уладзіміра Дашука «Жарсць» трапіў у спісы забароненых да паказу стужак. Паведамленне пра гэта апублікаваў афіцыйны сайт Міністэрства культуры Беларусі.
Сам Уладзімір Дашук тады распавёў, што калі ў 2009 годзе адбывалася прыёмка фільму, адмысловай камісіі Дэпартаменту кінематаграфіі Міністэрства культуры падаўся парнаграфічным эпізод, у якім
«40-гадовыя мужыкі, якія палявалі пад вадой, выбраліся з вады і проста ўночы ў лесе пад імправізаваным душам (шланг павесілі на дрэва) абмываюцца. І ў кадры бачны азадак». Тады,
паводле словаў Дашука, было нават заключэнне камісіі аб прызнанні фільма парнаграфічным.
Камісія запатрабавала выдаліць гэты эпізод, што рэжысёр і зрабіў. Пасля гэтага фільм прынялі, і ён нават атрымаў прэмію за лепшую рэжысёрскую працу году.
svaboda.org