«Паўночнае ззянне» адкрывае open call для беларускіх фільммэйкераў
Выдатны шанец для беларускіх рэжысёраў!

«Паўночнае ззянне» запрашае да ўдзелу
Кінафестываль «Паўночнае ззянне» распачынае прыём заявак ад беларускіх кінатворцаў. Кожны беларускі фільм, створаны ў 2022-2023 гадах і пададзены на Open Call, можа стаць часткай Беларускага конкурсу 9-га фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне».
З 2020 года на «Паўночным ззянні» існуе Беларускі конкурс — праграма беларускага кіно, якая аб'ядноўвае новыя таленавітыя фільмы беларускіх кінематаграфістаў. На працягу кінафестывалю іх ацэньвае міжнароднае журы і выбірае пераможцу.

Сёлета арганізатары кінафэсту шукаюць фільмы, зробленыя беларусамі і беларускамі ў 2022-2023 гадах у любой краіне, у любым жанры і любога хронаметражу. Дакументальныя, ігравыя, гібрыдныя, анімацыйныя, кароткаметражныя ці поўнаметражныя — не мае значэння: усе фільмы будуць разгледжаныя адборшчыкам Беларускага конкурсу для ўдзелу ў кінафестывалі «Паўночнае ззянне».
Нагадаем, у 2023 годзе «Паўночнае ззянне» пройдзе з 13 па 26 лістапада. Кінастужкі Беларускага конкурсу будуць паказваць у offline-фармаце па-за межамі Беларусі і online па ўсім свеце.
Каб прапанаваць свой фільм для ўдзелу ў «Паўночным ззянні – 2023», трэба запоўніць невялікую форму да 31 ліпеня 2023 года (уключна). Калі вы маеце пытанні, пішыце ў сацыяльныя сеткі праекта: Instagram, Telegram, FB ці на пошту support@northernlightsff.com.