Пісьменнікі заяўляюць пра небяспеку пасля нападу на Салмана Рушдзі
У Нью-Ёрку пісьменнікі і пісьменніцы пры ўдзеле PEN America сабраліся каля будынка Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі ў падтрымку свайго калегі Салмана Рушдзі.
Пад наглядам супрацоўнікаў антытэрарыстычнай службы і паліцыі ў тактычным рыштунку сотні людзей сабраліся ў пятніцу перад Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкай, каб выказаць падтрымку Салману Рушдзі — аўтару, які атрымаў некалькі нажавых раненняў на літаратурным мерапрыемстве тыдзень таму.
Ірландскі пісьменнік Колум Макэн, брытанскі пісьменнік Хары Кунзру і іншыя чыталі ўрыўкі з твораў Рушдзі з верхняй прыступкі галоўнага бібліятэчнага філіяла на Пятай авеню Манхэтэна. Некалькі соцень слухачоў скандавалі «Падтрымайце Салмана».
Некаторыя трымалі плакаты з партрэтам Рушдзі і цытатай яго слоў: «Калі мы не ўпэўненыя ў нашай свабодзе, значыць, мы несвабодныя».
На мінулым тыдні на літаратурным фестывалі ў Нью-Ёрку на Рушдзі напаў 24-гадовы жыхар Нью-Джэрсі, які ўварваўся на сцэну і нанёс пісьменніку нажавыя раненні ў шыю і тулава. Рушдзі, якога тэрмінова даставілі ў бальніцу, выжыў. Падазраваны не прызнаў сябе вінаватым па абвінавачанні ў замаху на забойства другой ступені і нападзе. Іранскія ўлады пракаментавалі напад: маўляў, пісьменнік сам вінаваты ў замаху на сваё жыццё.
Перад выступленнем пісьменніка, якому 33 гады таму іранскія афіцыйныя асобы вынеслі смяротны прысуд за раман «Сатанінскія вершы», не было ніякіх праверак сумак або металадэтэктараў на прадмет наяўнасці зброі.
«Гэта трывожны сігнал пра тое, што такія людзі, як Салман, бясстрашныя, якія пішуць рэчы так, як яны іх бачаць і не баяцца гаварыць праўду так, як яны яе бачаць, на самай справе знаходзяцца ў небяспецы», — сказала выканаўчая дырэктарка PEN America Сюзан Носэл.
Прысутныя на акцыі пісьменнікі расказалі пра асцярогі за сябе і іншых пісьменнікаў пасля нападу.
«Мы ўсе ў небяспецы. І некаторыя з нас знаходзяцца ў больш відавочнай небяспецы, чым астатнія», — сказала ў інтэрв'ю «Reuters» ірана-амерыканская пісьменніца Роя Хакакян.
Смяротны прысуд Салману Рушдзі быў адной з самых гучных і вядомых пагроз, але многія аўтары кажуць, што пераслед і заклікі да гвалту сталі часткай пісьменніцкага досведу.
Аўтарка кнігі «Love is an ex-country» Ранда Джарар сказала, што ёй давялося навучыцца «лепш цэліцца з пісталета» і падрыхтавацца фізічна ў выпадку нападу пасля таго, як яе твіт пра былую першую лэдзі Барбару Буш выклікаў пагрозы. Яна баялася за сваё жыццё, калі крытыкі апублікавалі яе хатні адрас і нумар тэлефона ў інтэрнэце. Джарар і яе дзіця пачалі атрымліваць пагрозы расправы.
Пісьменніца Мірыям Гурба сутыкнулася з пагрозамі пасля таго, як у 2020 годзе яна раскрытыкавала пісьменніцу Джанін Камінс за прысваенне культуры чыкана пры напісанні рамана «American Dirt». Гурба сказала, што таксама атрымлівала пагрозы гвалту па тэлефоне і ў інтэрнэце.
«У першай пагрозе смерці, якую я атрымала, гаварылася, што паліцыя павінна караць мяне за маё глупства», — сказала яна.
На гэтым тыдні паліцыя Шатландыі заявіла, што расследуе пагрозу на адрас аўтаркі «Гары Потэра» Джаан Роўлінг пасля яе твіта ў падтрымку Салмана Рушдзі.
Арганізатары літаратурных фестываляў у ЗША цяпер вымушаныя больш цесна супрацоўнічаць з паліцыяй, каб прыняць неабходныя меры бяспекі.
У Беларусі таксама існуе пагроза свабодзе пісьменнікаў: пад прэсам аказаліся незалежныя пісьменніцкія арганізацыі, якія былі ліквідаваныя ўладамі і вымушаныя пакінуць краіну, чыноўнікі складаюць спісы «забароненых аўтараў», разгромленыя кнігавыдавецкія ініцыятывы, а адзін з выдаўцоў — Андрэй Янушкевіч — прайшоў праз беларускую турму. Забараняюцца таксама кнігі: «экстрэмісцкім» прызнаны раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы», які, паводле слоў аўтара, было вырашана «закатаць трактарамі ў зямлю».