Пісьменнік Салман Рушдзі выжыў пасля ўчарашняга нападу. Яго змясцілі на апарат ШВЛ

Брытанскі пісьменнік індыйскага паходжання Салман Рушдзі выжыў пасля нападу 24-гадовага мужчыны, у выніку якога пісьменніку былі нанесеныя шматлікія нажавыя раненні.

Салман Рушдзі

Салман Рушдзі


Скандальна вядомы ва ўсім свеце пісьменнік Салман Рушдзі шмат гадоў вымушаны быў хавацца праз тое, што іранскія ўлады завочна прысудзілі яго да смяротнага пакарання за раман «Сатанінскія вершы», які забаронены найменш як у 14 краінах свету. За забойства пісьменніка нават была прызначана ўзнагарода (зараз гэтая сума дасягае каля 4 млн долараў, і яна ўвесь час расце). Учора ўвечары падчас сваёй лекцыі ў Інстытуце Чаўтакуа (Нью-Ёрк), якая тычылася свабоды творчасці, проста на сцэне Рушдзі быў паранены нажом у шыю і тулава і дастаўлены па паветры ў бальніцу, паведаміла паліцыя. Напад здзейсніў 24-гадовы Хадзі Матхар. Пасля шматгадзіннай аперацыі пісьменнік знаходзіцца на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх, паведамляе агенцтва «Reuters».


«Дрэнныя навіны, — паведаміў Эндру Ўайлі, яго кніжны агент. — Салман, хутчэй за ўсё, страціць адно вока; нервы ў яго руцэ былі разарваныя; а яго печань была параненая нажом і пашкоджаная».
«Мужчына выскачыў на сцэну невядома адкуль і пачаў біць яго ў грудзі, паўтараючы ўдары кулаком у грудзі і шыю, — сказаў адзін з відавочцаў інцыдэнта. — Людзі крычалі, плакалі і задыхаліся».
У зале знаходзіўся лекар, які дапамагаў даглядаць за Рушдзі, пакуль не прыбыла «Хуткая дапамога». Таксама атрымаў траўму галавы Генры Рыз, вядучы мерапрыемства. 


Гэта не першая спроба помсты за «Сатанінскія вершы»: у 1991 годзе быў забіты японскі перакладчык рамана Хітосі Ігарасі