Ізраіль: У Іерусаліме напалі на аўтобус з вернікамі. Сем чалавек параненыя

Палесцінец з Усходняга Іерусаліма напаў з агнястрэльнай зброяй на аўтобус з вернікамі. Сем чалавек атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.

126310127_gettyimages_1242489864_800x400.webp


Напад адбыўся сёння раніцай, калі яўрэі пакідалі Сцяну Плачу, адзначаючы заканчэнне шабату, паведамляе агенцтва «Reuters». 
Паводле звестак ізраільскай паліцыі, нападнік параніў семярых чалавек, якія знаходзіліся на борце аўтобуса.
Стралок пазней здаўся ізраільскім уладам. Ізраільскія СМІ паведамілі, што нападнік — палесцінец з Усходняга Іерусаліма.
У Старым горадзе знаходзяцца месцы, якія з'яўляюцца святымі для яўрэяў, мусульман і хрысціян, і гэта адзін з раёнаў, дзе палесцінцы імкнуцца да дзяржаўнасці. Ізраіль лічыць увесь Іерусалім сваёй сталіцай, але гэты статус не прызнаны на міжнародным узроўні.
«Іерусалім — наша сталіца і турыстычны цэнтр для ўсіх рэлігій», — сказаў прэм'ер-міністр Ізраіля Яір Лапід у заяве, дадаўшы, што ізраільскія сілы бяспекі «адновяць спакой».

126310116_aa12f70f5ada911ec597920b8580c3435468f6900_0_6000_40001000x667.webp


Нагадаем, за апошні тыдзень паміж Ізраілем і Палесцінай аднавіліся баявыя дзеянні. 5 жніўня Армія абароны Ізраіля аб'явіла, што пачынае аперацыю «Світанне», якая павінна была стаць адказам на масіраваны абстрэл ізраільскай тэрыторыі палесцінскімі баевікамі. У выніку гэтай аперацыі, як паведамлялася ў СМІ, былі забітыя камандзір радыкальнай групоўкі «Ісламскі джыхад» Тайсір аль-Джаабары і «каля 15 тэрарыстаў». Таксама былі ахвяры сярод мірных палесцінцаў.
У адказ на гэта з тэрыторыі Сектара Газа па Ізраілі былі запушчаныя ракеты — усяго палесцінскія баевікі выпусцілі па ізраільскіх гарадах больш за 1000 снарадаў.
Групоўкі баевікоў у Газе высока ацанілі напад на аўтобус з вернікамі, аднак ні адна з узброеных груповак не ўзяла на сябе непасрэдную адказнасць.