«Сам вінаваты»: іранскія ўлады абвінавацілі Салмана Рушдзі ў тым, што на яго напалі

У Міністэрстве замежных спраў Ірана абвяргаюць дачыненне афіцыйных асоб да нападу на сусветна вядомага пісьменніка Салмана Рушдзі.
Салман Рушдзі. Фота: «Associated Press»

Салман Рушдзі. Фота: «Associated Press»


Іранскія чыноўнікі адмаўляюць дачыненне Тэгерана да нападу на пісьменніка Салмана Рушдзі, хаця ў першых публічных каментарыях афіцыйных ведамстваў яны спрабавалі апраўдаць замах на жыццё творцы.

Заява прэс-сакратара Міністэрства замежных спраў Ірана Насэра Канаані прагучала праз тры дні пасля таго, як у Нью-Ёрку падчас сваёй лекцыі Рушдзі проста на сцэне атрымаў некалькі нажавых раненняў ад невядомага яму мужчыны. Спачатку пісьменнік знаходзіўся на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх, але зараз, паводле слоў яго агента, Салмана Рушдзі адключылі ад апарата ШВЛ і ён «знаходзіцца на шляху да папраўкі». Мяркуюць, што нападаў 24-гадовы Хадзі Матар, які не прызнаў сябе вінаватым у замаху на забойства і нападзе.

75-гадоваму аўтару сусветна вядомага рамана «Дзеці поўначы» больш за 30 гадоў пагражалі расправай з-за іншага яго твора — «Сатанінскія вершы»: вобраз прарока Мухамеда ў ім некаторыя мусульмане палічылі блюзнерскім.

У 1989 годзе вярхоўны лідар Ірана аятала Рухола Хамейні выдаў указ, які патрабуе смерці аўтара, і хоць у апошнія гады Іран не надаваў асаблівай увагі Рушдзі, указ усё яшчэ застаецца ў сіле. Акрамя таго, за забойства пісьменніка абвешчана ўзнагарода, памер якой паступова набліжаецца да 4 мільёнаў долараў.

«Што тычыцца нападу на Салмана Рушдзі ў Амерыцы, мы не лічым нікога вартым папроку, абвінавачвання або нават асуджэння, акрамя самога Рушдзі і яго прыхільнікаў, — сказаў Канаані. — У гэтых адносінах ніхто не можа вінаваціць Ісламскую Рэспубліку Іран».

У сваім выступленні прэс-сакратар іранскага МЗС дадаў, што ў Ірана «няма ніякай іншай інфармацыі, акрамя той, што паведамілі амерыканскія СМІ». Ён таксама намякнуў, што Рушдзі сам наклікаў на сябе гэты напад.

«Салман Рушдзі наклікаў на сябе гнеў і лютасць народа, абразіўшы святасць ісламу і перайшоўшы чырвоныя лініі больш чым для 1,5 мільярда мусульман, а таксама чырвоныя лініі паслядоўнікаў усіх рэлігій», — сказаў Канаані.

Паліцыя Нью-Ёрка пакуль не выказвала ніякіх матываў нападу, хоць акруговы пракурор Джэйсан Шміт намякнуў, што падставай магло стаць абвешчанае ўзнагароджанне. Шміт выступіў супраць вызвалення таго, хто нападаў, пад заклад: «Нават калі гэты суд прызначыць заклад у мільён долараў, ёсць рызыка, што ён можа быць выплачаны».

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, хоць і не абвінаваціў Тэгеран наўпрост у нападзе на Рушдзі, у сваёй заяве асудзіў Іран і выказаў падтрымку свабоды выказвання, меркаванняў і рэлігіі.

«Іранскія дзяржаўныя ўстановы на працягу некалькіх пакаленняў падбухторвалі да гвалту супраць Рушдзі, а дзяржаўныя СМІ нядаўна злараднічалі з нагоды замаху на яго жыццё, — сказаў Блінкен. — Гэта подла».

Таксама пагрозы расправы пачала атрымліваць знакамітая брытанская пісьменніца Джаан Роўлінг, якая публічна падтрымала свайго калегу. Паліцыя Вялікабрытаніі пачала разбірацца з гэтым.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: