«Ты наступная». Джаан Роўлінг пагражаюць праз падтрымку Салмана Рушдзі

Паліцыя Шатландыі расследуе пагрозы, якія Джаан Роўлінг пачала атрымліваць пасля таго, як яна падтрымала пісьменніка Салмана Рушдзі. На мінулым тыдні Рушдзі перажыў спробу забойства. Пра гэта паведамляе «The New York Times».

roulinh.jpg


Праз некалькі гадзін пасля нападу Джаан Роўлінг адказала на навіну ў Twitter, дадаўшы, што адчувае сябе «вельмі дрэнна» і спадзяецца, што Рушдзі «будзе добра».
У адказ адзін з карыстальнікаў напісаў Роўлінг: «Не хвалюйся, ты наступная». Паведамляецца, што чалавека, які напаў на Рушдзі, падтрымлівалі з гэтага акаўнту. Пазней твіт з пагрозамі Роўлінг быў выдалены, а пазней і сам акаўнт.
Прэс-сакратар паліцыі Шатландыі паведаміла, што расследаванне працягваецца.
Кампанія Warner Bros. Discovery, якая здымала «Гары Потэра», апублікавала заяву з нагоды пагроз Роўлінг. «Мы падтрымліваем яе і ўсіх аўтараў, казачнікаў і творцаў, якія смела выяўляюць сваю творчасць і погляды. Кампанія рашуча асуджае любую форму пагрозы, гвалту або запалохвання, дзе перакананні і меркаванні могуць адрознівацца», — гаворыцца ў заяве кампаніі, якая таксама выказвае свае спачуванні Салману Рушдзі і яго сям'і.
12 жніўня ў Нью-Ёрку брытанскі пісьменнік індыйскага паходжання і лаўрэат Букераўскай прэміі Салман Рушдзі павінен быў выступіць з лекцыяй аб свабодзе творчасці, калі на сцэну выбег чалавек з аўдыторыі і напаў на яго. Пісьменніка на верталёце даставілі ў мясцовую бальніцу. Падазраванага ў нападзе затрымалі.