У Гродна прэзентавалі «Самурая» (ФОТА)

Пісьменнік і журналіст Алесь Кіркевіч правёў першую прэзентацыю свайго зборніка прозы і вершаў у родным горадзе.

img_0537.jpg

Прэзентацыя сабрала каля 30 чалавек — роўна столькі, колькі змагла змясціць этнакрама «Цудоўня», што стала пляцоўкай для мерапрыемства. 
«Я не ведаю, як праводзіць прэзентацыі, я ведаю, як іх не варта праводзіць. Калі аўтар манатонна чытае свае творы, а ў зале нехта спіць, а нехта сядзіць у тэлефоне — гэта, нажаль, традыцыйны фармат, але зусім не цікавы. Таму, давайце наўпрост пагаворым...» — прызнаўся аўтар на самым пачатку.


Кіркевіч распавёў, што яго кніга прысвечаная сучаснасці, яе героі не выдуманыя, але спісаныя з рэальных людзей, часам вядомых грамадскасці. Пры гэтым, хто ёсць хто, адказваць адмовіўся.

Чытайце таксама: «Тэрор, алкаголь, сэкс — як у жыцці», — Кіркевіч пра сваю кнігу «Самурай»


img_0496.jpg


На прэзентацыі выступілі таксама сябры і калегі аўтара. Алесь Дзянісаў, саліст гурта Dzieciuki, заспяваў сваю песню на верш Кіркевіча «Пажывем ды паглядзім». Сама песня, але ўжо не ў акустычным фармаце, з'явіцца ў новым альбоме гурта.
Валер Руселік, рэдактар зборніка, звярнуў увагу на тое, што сучаснаму пакаленню 20-30-гадовых варта больш пісаць пра час, у якім яны жывуць, каб сведчанні пра Беларусь 2000-2010-х захаваліся не ў пераказе невядома-каго праз 30-50 год, але з вуснаў тых, хто жыве і адчувае тут і зараз.
Фота Аляксандра Саенкі