Прэзентацыя кнігі «Мазаіка жыцця» Аляксандра Тамковіча — ужо сёння

Аляксандр Тамковіч і Міжнародны Прэс-клуб запрашаюць 19 снежня на прэзентацыю кнігі «Мазаіка жыцця».

all_1_800x539.png


— На маёй кніжнай паліцы стаяць дзве энцыклапедыі, — распавядае Аляксандр Тамковіч. — Адна — “Энцыклапедыя гісторыі Беларусі”, другая — “Рэспубліка Беларусь”. Першая вельмі сціплая, другая шыкоўная, з “залатымі літарамі” і каляровымі фота, што сведчыць у тым ліку і пра адсутнасць дэфіцыту сродкаў. Першая выпушчана да 1995 года, і многія ў яе патрапіць банальна не паспелі. Другая заканчваецца 2007 годам, і многіх туды “не паспелі” паводле цэнзарскіх меркаванняў.

Кніга “Мазаіка жыцця” (як і папярэднія васямнаццаць) павінна ліквідаваць гэтую недарэчнасць. Ніколі не разглядаў свае выданні як камерцыйныя праекты. Наадварот, імкнуўся абысціся без грошай чытачоў, бо добра ведаў, што яны далёка не самыя багатыя людзі.
Праца над кнігай «Мазаіка жыцця»  доўжылася больш за 5 гадоў. Каб яна пабачыла свет, Аляксандр Тамковіч распачаў збор сродкаў на www.talaka.by. 
— Наконт назвы я раіўся з добрым сябрам Алесем Бяляцкім, які ў той час знаходзіўся ў Бабруйскай калоніі, — узгадвае Аляксандр Тамковіч. — Ён яе ўхваліў, і меў рацыю, бо Алесь Бяляцкі — не толькі вядомы праваабаронца, якога тройчы намінавалі на атрыманне Нобелеўскай прэміі міра, але і дасведчаны літаратуразнаўца.
Мазаіка — слова, што паходзіць з латыні і першапачаткова азначала "твор, прысвечаны музам". Адно з сучасных — "злучэнне разнародных элементаў, стракатая сумесь”. Тое, што, фактычна і ёсць у кнізе.
Сярод герояў: музыкі і спевакі Зміцер Вайцюшкевіч, Ігар Варашкевіч, Іван Кірчук, Алег Хаменка, Кася і Алесь Камоцкія, скульптар Генік Лойка, гісторык Наталля Гардзіенка, мастакі Генадзь Драздоў і Алесь Пушкін, пісьменнікі Барыс Пятровіч і Віктар Марціновіч, паэт Андрэй Хадановіч, кінарэжысёры Андрэй Кудзіненка і Андрэй Курэйчык, культуролагі Юля Чарняўская і Сяргей Харэўскі, апантаныя змагаркі за беларускую мову Алена Анісім і Ніна Шыдлоўская... І шмат хто яшчэ.

Аповеды праілюстраваны ўнікальнымі фота (звыш за 400!) сямейных альбомаў.
На прэзентацыі выступіць з прадмовай Алесь Бяляцкі. Вясці імпрэзу будзе Заслужаная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка. Музычная аранжыроўка — Сяргей Башлыкевіч.
Чакаем Вас 19 снежня ў 17.00 па адрасе – Мінск, Веры Харужай, 3-601, (6-ы паверх).