Прэзентацыя кнігі Севярына Квяткоўскага «Як стаць беларусам. Сто гісторый» адбудзецца ў Гародні 21 лістапада
«Як стаць беларусам. Сто гісторый» — гэта збор аповедаў людзей, якія ў розны час адкрылі адзін з бакоў свайго «я».
«Праз праз пошук схаванага, праз любоў, праз пратэст, праз логіку і містыку, праз пачуццё справядлівасці і прагу хараства яны прыходзілі да важнасці ўсвядоміць сябе Кімсьці, і ў тым
ліку — беларусам" — піша аўтар кнігі на сваім блогу.
Чытач сустрэне на старонках кнігі маналогі Уладзіміра Арлова і Сяргея Міхалка, Андрэя Кудзіненкі і Сяргея Дубаўца, Андрэя Курэйчыка і Жаны Літвіной ды многіх іншых асобаў.
Севярын Квяткоўскі нарадзіўся ў 1973 г., называе сябе медыя-пісьменнікам.
Яго аўтарству належаць «Фрашкі да пляшкі» (2007) — суплёт кароткіх іранічных замалёвак жыцця беларускага непадцэнзурнага асяродку, які
атрымаў прэмію «Залатая літара», а таксама зборнік навелаў «Падарунак для Адэлі» (2012).
Кніга "Як стаць беларусам" (2014) з'явілася вынікам дакументальна-мастацкага праекту, рэалізаванага на сайтах budzma.org і tut.by.
Вось з якой гісторыі пачынаецца кніга:
— Я прыйшоў атрымліваць пашпарт. Так склалася, што разам з мамай. Быў 1985 год. Чыноўніца пашпартнага стала будзённа задавала пытанні. Калі яна запаўняла графу
«нацыянальнасць», я ні секунды не вагаўся і адказаў: «Беларус!» Адразу ў цішы кабінета прагучаў кінематаграфічны, з добра пастаўленым голасам крык мамы:
«Юрачка, падумай, гэта ж на ўсё жыццё!»
Пачатак прэзентацыі ў Гродне — 21 лістапада ў 18.30, у галерэі «Крыза».