Расійская рок-паэзія загучала па-беларуску — жывы рок-н-рол, успаміны юнацтва і… працяг будзе!
Учора ў мінскім паб-клубе “Графіці” адбылася прэзентацыя ўнікальнага праекта — Анталогіі перакладаў расійскай рок-паэзіі, надрукаванай у новым, 69-м нумары часопіса “Дзеяслоў”.
Жадаючых паслухаць знакамітыя песні Андрэя Макарэвіча, Барыса Грэбеншчыкова, Юрыя Шаўчука, Віктара Цоя, Эдмунда Шклярскага на беларускай мове сабралася шмат. І хаця арыгінальныя тэксты прыхільнікі ведаюць на памяць, пераклады, прасякнутыя нацыянальным каларытам і выкананыя нашымі музыкамі, прыўнеслі новыя эмоцыі ў даўно завучаныя радкі.
Слухачы, “узброіўшыся” часопісамі з публікацыяй, шчыра падпявалі выканаўцам — з першых акордаў стала ясна, што песні па-беларуску пайшлі ў народ з вялікім поспехам.
Усяго ў Анталогіі апублікаваныя тэксты 12 расійскіх выканаўцаў, якія былі пераствораны 13 перакладчыкамі.
Вечар быў распачаты песняй Віктара Цоя “Перамен!” у выкананні паэта, адказнага сакратара “Дзеяслова” і вядучага імпрэзы Анатоля Івашчанкі. Спадар Анатоль пераклаў для анталогіі тэксты Барыса Грэбеншчыкова, Віктара Цоя, Аляксандра Башлачова, Канстанціна Кінчава.
Павітаў прысутных галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, празаік, Старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч:
— Мы вельмі радыя, што праект удаўся, і нават мяркуем, што ён будзе мець працяг. Спадзяемся, расійскія рок-н-рольшчыкі пагодзяцца праспяваць па-беларуску. Вядома, што ў Бярозе, на радзіме Алеся Разанава і Ніны Мацяш, Андрэй Макарэвіч адшукаў свае карані. А Юры Шаўчук сябруе з Ірынай Быкавай (удавой Васіля Быкава — аўт.). Ёсць кантакт і з Барысам Грэбеншчыковым, — зазначыў спадар Барыс і згадаў адметную гісторыю:
— Слухаючы расійскую рок-музыку, успамінаю студэнцкія гады, юнацтва, калі ўсе гэтыя гурты былі падпольнымі і толькі набывалі папулярнасць. Адзін з маіх аднакурснікаў, Алесь Прашкуратаў, быў літаральна закаханы ў групу “Машына часу” і стварыў калектыў, з якім выконваў яе хіты. Аднак калі з музыкай тут нічога не атрымалася, хлопец прадаў сваю гітару (якая каштавала больш за 1000 рублёў, неверагодна вялікія па тым часе грошы!) і паехаў у Талін. Алесь купіў лодку-надзіманку і вырашыў уцячы з СССР у Фінляндыю, пераплыўшы праз заліў. Аднак яго затрымалі і асудзілі на 5 гадоў за спробу незаконна перасячы мяжу… Пра далейшы лёс Алеся мы мала ведаем.
Якраз 7 чэрвеня ў 15.00 на вул. Маскоўскай, 15, каля старога будынка журфака БДУ, збіраецца наш курс, і вельмі хацелася б, каб Алесь знайшоўся, можа, пабачыў у інтэрнэце аповед пра сябе і прыйшоў на сустрэчу, мы яго вельмі чакаем! — падсумаваў Барыс Пятровіч.
Музыкант, пісьменнік Юры Несцярэнка, з першаснай ініцыятывы якога нарадзілася ідэя “дзеяслоўскай” рок-анталогіі, пераклаў і падрыхтаваў цэлую праграму з песень Андрэя Макарэвіча, куды ўвайшлі кампазіцыі розных гадоў — ад 1970-х да 2000-х.
Гурт “Машына часу” сёлета адзначае 45-годдзе, і ў публікі была магчымасць зрабіць экскурс у гісторыю гэтага калектыва, паслухаўшы па-беларуску песні “Снег”, “Дзень гневу”, “З адвечнай прагай перамены месцаў”, “Свята распачнецца толькі зараз”, “Не дай мне ўпасці”, “Права”.
Паэт, Старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч выступіў у ролі барда і праспяваў некалькі перакладаў: песню “Арландына” Анры Валхонскага і Аляксея Хвасценкі, а таксама, па-за праграмай, творы Леанарда Коэна.
Класічныя хіты Барыса Грэбеншчыкова прывабілі многіх перакладчыкаў і выканаўцаў — над ягонымі філасофскімі тэкстамі ламалі галаву, акрамя ўжо згаданага Анатоля Івашчанкі, —Марыя Мартысевіч, Аляксей Чарняўскі, Уладзімір Дрындрожык, Макс Шчур…
А версія песні “Ракенрол памёр” у перакладзе і выкананні Арцёма Сітнікава, як і астатнія залатыя хіты, праспяваныя ім, можна сказаць, стварылі новую, беларускую рэальнасць Грэбеншчыкова. Настолькі гарманічна яны гучалі на нашай мове.
Раман Яраш і Віктар Сямашка далучыліся да пераасэнсавання творчасці БГ у больш свабодным, імправізацыйным музычным ключы, чым асвяжылі традыцыйнае ўспрыняцце гурта “Акварыум”.
Выступілі таксама Вольга Гронская, Фёдар ДАРАФЕЙ Жывалеўскі ды іншыя.
Добрая навіна — пасля мінскага канцэрта “дзеяслоўцы” выпраўляюцца ў тур па беларускіх гарадах! Ужо заўтра, 5 чэрвеня, Анталогія будзе прэзентаваная ў Магілёве, у бліжэйшы час плануюцца таксама імпрэзы ў Маладэчне і Вілейцы.