Re1ikt прэзентаваў кліп да Дня музыкі

Міжнародны дзень музыкі штогод адзначаецца ва ўсім свеце 1 кастрычніка вялікімі канцэртнымі праграмамі з удзелам найлепшых артыстаў. У гэтым годзе рок-гурт Re1ikt далучыўся да сусветнага святкавання і прэзентаваў «Музыку». 

re1ikt_photo_3.png


Беларускі рок-гурт Re1ikt прэзентаваў відэа “Музыка”. Песня на словы забытага беларускага паэта Анатоля Сербантовіча, які трагічна загінуў у 70-я гады мінулага стагоддзя, распавядае пра чароўны свет гукаў, куды трапляе лірічны герой, а следам за ім — і слухачы.


“Падчас працы над відэа мы наўмысна выкарыстоўвалі мінімум візуальных спецэфектаў, таму што хацелі сфакусаваць увагу на тэксце і музыцы”, — распавядае лідар гурту Re1ikt бубнач Алесь Дземідзенка.
Рэжысёрам кліпа выступіў Арцём Лобач, аўтар фільма “Беларускія песні: традыцыя адлегласці”, што таксама працаваў з такімі артыстамі, як J:Морс, The Toobes, Akute, Vuraj і шматлікімі іншымі.
Кампазіцыя была напісаная як прыклад для ўдзельнікаў праекта «Заспявай-5» — штогадовага конкурсу маладых выканаўцаў, галоўнай умовай якога з’яўляецца стварэнне твораў на вершы беларускіх паэтаў.
Міжнародны дзень музыкі, адным з натхняльнікаў якога стаў кампазітар Дзмітрый Шастаковіч, заснаваны па ініцыятыве Міжнароднага музычнага савета пры ЮНЭСКА і, пачынаючы з 1975 года, штогод адзначаецца ва ўсім свеце 1 кастрычніка вялікімі канцэртнымі праграмамі з удзелам найлепшых артыстаў.
Re1ikt — гурт, які працуе ў напрамку world music, cпалучаючы традыцыйны беларускі песенны фальклор з актуальнымі рок-напрамкамі. У кампазіцыях каманды знітаваліся палескі шаманізм, аўтэнтычны драйв і таямнічы беларускі космас. Калектыў з’яўляецца ўладальнікам шэрагу музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі, выступаў ва Украіне, Літве, Расіі.