«Рэлікты рэлігіі і міфалогіі». Ці пазычаў Ян Баршчэўскі сюжэты ў езуітаў?

Ці мог Ян Баршчэўскі пераняць сюжэт для сваёй аповесці пра ката Варгіна з езуіцкіх крыніцаў? Справаздача рыжскага езуіцкага экзарцыста гэтага не выключае…

Ян Баршчэўскі

Ян Баршчэўскі

Гартаючы выдадзеную летась у Вільні дакументальную кнігу «Рэлікты рэлігіі і міфалогіі балтаў», натыкнуўся на вытрымку з лацінамоўнай езуіцкай справаздачы 1607 года. У ёй езуіцкі святар «П. Фелікс (Людзік)» (P. Felix [Luedigk]) з Рыгі апісвае, як ён ездзіў да аднаго шляхціча, якому трызніліся мроі. Гэтая справаздача ўзятая з «Аналаў» Рыжскай езуіцкай калегіі, што былі перадрукаваныя ў Рызе ў 1941 годзе ў выданні «Крыніцы па гісторыі Латвіі ў архівах Ордэна езуітаў».

Аповед рыжскага езуіта прыцягнуў увагу тым, што ён перагукаецца з адной з аповесцяў Яна Баршчэўскага, змешчанай у яго кнізе «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», якая ўпершыню была выдадзеная па-польску ў Пецярбургу ў 1846 годзе. Вось ён:

«Адзін шляхціч аднойчы ў сябе ў маёнтку гуляў уздоўж ракі, яму паказалася нейкая птушка, якая ўсё ніяк ад яго не адставала, радавала яго салодкімі песенькамі і спрабавала адвабіць як мага далей ад дома. Ідучы за ёй, ён дужа забавіўся. Урэшце пачуў галасы: «Пакайся, пакайся». Напалоханы, ён вярнуўся дамоў, але вось тая ж птушка праз акно ўлятае ў пакой і, сеўшы пасярэдзіне яго, то спявае, то голасам кажа: «Пакайся». Урэшце знікла.

Потым паказалася жанчына ці, хутчэй, у асобе замужняй жанчыны яе ўласны прывід. Яна не давала яму ніякага перадыху. Склікаў сямейнікаў, а таксама тую жанчыну з мужам. Яе абвінавачвае і палохае, каб яна прызналася, што начаравала ці зрабіла чагосьці падобнага. Яна адмаўляецца. Тады ён, моцна спалохаўшыся, загадвае яе мужу хутка чацверыкам коней ехаць па ксяндза, які, як ён думаў, знаходзіцца ў нашым маёнтку. Калі там знайшоў, прылятае ў Рыгу з просьбай ад таго пана, каб як мага хутчэй прыехаў ксёндз.

Тым часам яму паказваюцца ўсякія прывіды і ўвесь пакой запаўняюць мядзведзі, ваўкі, рапухі, змеі, скарпіёны і іншыя падобныя істоты, якія поўзаюць па лавах, па сценах, па ложку. Бярэ псалмоўнік, сам з сямейнікамі спявае розныя псалмы, кажуць літаніі — нічога не дапамагае. Тады звяры лезуць яму ў горла, вушы, рот і розныя часткі цела. Бароніцца знакам крыжа, а тыя пагража­юць, што яго задушаць, калі ён не спыніцца жагнацца і спя­ваць літаніяў і псалмаў. Ён мужна трымаецца дзень і ўсю ноч; у такім ціску, ходзячы паўсюль, спацеў, нібы ў лазні. Спачуваюць слугі, плачуць сямейнікі.

І вось прылятаюць тры птушачкі і называюцца імёнамі трох жанчын, абяцаюць спакой і вызваленне, калі ён дасць адплату. Нябога абяцае. Яму паказваюць месца. Той кладзе грошы. Але яны патрабавалі яшчэ і яшчэ, нават дайшлі да вугорскіх залатовак. Урэшце ён адыходзіць ад таго месца, а калі зноў вяртаецца, дык грошай не знаходзіць. Зноў паказваюцца ўсякія прывіды. Ён моліцца разам з усімі сямейнікамі. І зноў тыя ж птушачкі просяць грошай. Ён кладзе.

Гэтае змаганне з усімі прывідамі і птушкамі працягваецца 5 ці 6 дзён. Апроч таго, у паветры чуе тры галасы: «Пакайся, пакайся, дай водкуп, просім вызваліць душы трох жанчын», імёны якіх называюцца. Урэшце яму паказалася душа аднаго знаёмага яму шляхціча, якога неслі яшчэ тры, — душа пастаянна ў паветры гукала: «Водкупу, ахвяраў!» І так ён не меў спакою ні ўдзень, ні ўночы, нават калі быў у спальным пакоі. Пастаянна чуў крыкі ў паветры, часта на ложку яму паказваўся нібыта мядзведзь і бесперапынна — жанчына.

Урэшце я прыехаў. Ён усё расказаў. І зноў, пры маім удзеле, усё як у іншых выпадках паказвалася, і нарэшце тое, што ён сам думаў, яны яшчэ паўтаралі і на гэта адказвалі. Я распытаў пра яго жыццё. Ён расказаў. Пасля экзарцызму прыйшлі да споведзі за ўсё жыццё. Ён пакутаваў праз усе тыя ўявы, якія пастаянна патрабавалі адплаты і ахвяраў. Я яму сказаў, што ён дрэнна зрабіў, даючы грошай. Прывіды кажуць, што ўсё вернуць — і ўжо склалі ў скрыню. Прынеслі скрыню, і высветлілася мана.<...>

Ён пачуўся крыху лепш, і таму, што шмат дзён не еў і не піў, мы селі за стол. Еў, але і тады яго не пакінулі ў спакоі, бо ўсякія звяры поўзалі па лаўках і сценах, а тыя прывіды луналі ў паветры і пагражалі, што здзяруць мне скуру з галавы. Пайшлі спаць; я спаў з ім у адным пакоі. <...> Але ранкам зноў пачалі адчуваць пакуты з галавой. Я заклікаў яго другі раз спавядацца. Прывіды пагражаюць, што калі ён гэта зробіць, скруцяць шыю, а калі наважыцца прыняць святую Еўхарыстыю, дык задушаць. Ён схадзіў да споведзі і прыняў Камунію. Адчуў сябе лепш. Хоць і дагэтуль чуе тых, хто кліча ў паветры, але ўжо не так моцна».

* * *

zavalnja.jpg

А вось пара ўрыўкаў  са «Шляхціца Завальні», з 13-й аповесці «Чараўнік ад прыроды і кот Варгін» (пераклад урыўкаў — аўтара гэтых радкоў). У аповесці расказваецца, як ад гаспадара да гаспадара пераходзіў кот Варгін, як у кожнага новага гаспадара праз таго Варгіна заводзіліся розныя пачвары і як праганяў тых пачвараў з галавы чараўнік Тамаш, які адмысловымі словамі выяўляў іх і выганяў прэч.

«Страх страсянуў усіх, хто на гэта глядзеў, сыпаліся з дзяцей якіясь дробныя, страшныя і дзіўныя звяркі кшталту жабак і мышак, поўзалі па пакоі і ў шчылінах шукалі сабе хованкі, іх пранізлівы піск быў невыносны для слыху. З галавы панны Зафіі выляталі матылі рознага колеру і рознай велічыні, луналі пад столлю, а маці, пазіраючы на гэта, дрыжэла ад страху і была як непрытомная. Тамаш, бачачы іх пакуты, матнуў рукой, і ўмомант матылі і ўсякія пачвары зніклі».

«Тамаш наблізіўся да гаспадара і, калі той пазіраў на яго як непрытомны, пачаў казаць чарадзейскае слова, і тады яшчэ страшнейшыя з’явы далі сябе бачыць, з усіх адтулінаў галавы пана суддзі выляталі пухіры, падобныя да мыльных бурбалак, і, пад столлю лопаючыся, ператвараліся ў жудасныя страшыдлы, ляталі крылатыя вужы, агністыя цмокі, і якіясь пачвары снавалі над галовамі, падобныя да спарахнелых шкілетаў, з іх на падлогу падалі косці і трупныя галовы, усе там прысутныя ад немарасцевага страху самі былі падобныя да трупаў, якія паўстаюць з трунаў. Нарэшце Тамаш матнуў рукой, усе тыя вужы, цмокі і касцятрупы зніклі, і ён сам выйшаў за дзверы, пакінуўшы гаспадара і гасцей нямымі ад пераляку».


* * *

Як можна бачыць, выклад, стыль і праявы дужа падобныя. Толькі ў адным выпадку (аповесць Яна Баршчэўскага) аповед прынята лічыць аўтарскай мастацкай выдумкай, а ў другім выпадку (аповед езуіцкага экзарцыста) — «чыстая» дакументалістыка, прызначаная для сваіх архіваў.

Трэба адзначыць, што праўдзівасць аповесці Яна Баршчэўскага надае тое, што больш мы ніадкуль не ведаем пра такога персанажа, як кот Варгін. Значэнне гэтага імя Яну Баршчэўскаму наўрад ці было вядома — яно значыць «той, хто знясільвае». Гэтае імя — з агульнабалцкай лексікі: літоўскае vargti, латышскае vārgt, старапрускае wargtwei (значыць «знясільвацца»). А ў літоўскай маем нават прыметнік-характарыстыку varginas (націск на першы склад), што зна­чыць «знясільвальны» (varginas darbas — «знясільвальная работа»). Ёсць, дарэчы, працяг і ў пазнейшай славянскай лексіцы: «вораг» (*vorgъ), але з пазнейшай, вытворнай семантыкай (тое, што знясільвае = кепскае, благое; кепскі, благі = вораг).

Ян Баршчэўскі вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі, быў сынам уніяцкага святара, нарадзіўся ў засценку пад Расонамі. Ці мог ён пачуць тое, што пазней апісваў, ад сялянаў? Мог. Але, напрыклад, у аповесці пра чараўніка Тамаша і ката Варгіна гаворыцца аб шляхецкім маёнтку і падзеях у ім. Зусім як у рыжскіх аналах амаль за паўтара стагоддзі да выдання кніжкі Яна Баршчэўскага. Ці мог пісьменнік даведацца пра нейкія аналагічныя падзеі, калі быў у асяроддзі полацкіх езуітаў? Вось жа, таксама не выключана.

Не магчыма не заўва­жыць, напрыклад, і падобную структуру выкладу ў згаданай аповесці Яна Баршчэўскага ды ў рыжскіх езуіцкіх аналах. У маёнтку яго шляхецкім жыхарам не даюць спакою магічныя праявы, якія прыязджае «адольваць» чараўнік Тамаш (у Яна Баршчэўскага) ды езуіцкі ксёндз «П. Фелікс (Людзік)» (у рыжскіх аналах). Адно што ў Яна Баршчэўскага тыя праявы выяўляюцца па незвычайным слове чараўніка і знікаюць, а ў езуіцкай справаздачы канец не такі абнадзейвальны («і дагэтуль чуе, але ўжо не так моцна»).

Такім чынам, няма дастатковых падставаў сцвярджаць пра выкарыстанне Янам Баршчэўскім у сваім творы езуіцкіх крыніцаў. Але з высокай верагоднасцю можна канстатаваць  наступнае: тое, аб чым пісаў Ян Баршчэўскі (прынамсі, у аповесці пра ката Варгіна), магло быць не мастацкай прыдумкай аўтара, а адным з рэальна зафіксаваных выпадкаў. І зусім магчыма — з вышэй згаданай экзарцысцкай практыкі езуітаў.