Serca Raskolata — пра асабістае на мове свету Irdorath

Беларускі фэнтэзі-фолк-гурт Irdorath прадставіў свой новы кліп на кампазіцыю «Serca Raskolata».



irdorath.jpg

Атмасфернае, містычнае відэа, насычанае алегорыямі і схаваным сімвалізмам, распавядае пра каштоўнасць сям'і, унутраную барацьбу і пра тое, як важна ўмець не перакрэсліць, а адпусціць мінулае. Упершыню ўсе акторы кліпа — родныя браты і сястра фронтмэна гурта Уладзіміра.

— Новае відэа Irdorath — сур'ёзная, глыбокая праца, якая прынцыпова адрозніваецца па характары ад казачных відэакліпаў, якія мы стваралі раней. На гэты раз мы не абмежаваліся класічнай візуалізацыяй міфічных вобразаў беларускага фэнтэзі.

У аснову кліпа была пакладзена ідэя развітання з мінулым і вызвалення, якое складана паддаецца ўвасабленню без паразумення і падтрымкі блізкіх. Кожны чалавек гадамі нясе цяжар грузу мінулага, з якім не вырашаецца расстацца.

Сюжэт распавядае гісторыю пра тое, як браты і сястра сустракаюцца пасля доўгага расстання, каб разам зрабіць тое, што так страшна ажыццявіць паасобку: яны расстаюцца з дарагімі сэрцу сімваламі мінулага, перадаюць іх стыхіям вады і агню і такім чынам ачышчаюцца і адпускаюць былое, — распавядаюць музыкі пра кліп.


Па сюжэце, шлях не даецца братам лёгка, але гэта не замінае сям'і нарэшце сустрэцца. Абрад вызвалення ад мінулага павінен адбыцца на досвітку, і ноч перад гэтай падзеяй сям'я праводзіць за адным з любімых заняткаў (што сапраўды з'яўляецца сямейнай традыцыяй): у барацьбе адзін з адным.

Гэта не бойка — гэта гульня, перамога жыцця, у якой можна памерацца сілай, адчуць непахіснасць роднасных повязяў, адцягнуцца ад маючай адбыцца імпрэзы і прасцей перанесці развітанне з мінулым. Аднак нішто не вечна, і сям'я ўсё ж такі праводзіць абрад...

Вельмі асабістыя амулеты, спусканне па вадзе плеценага кошыка, палаючыя стрэлы — кожная дробная дэталь сюжэта працятая кранальным сімвалізмам. Шаман выступае правадніком, які з'яўляецца толькі мяльком у ключавых, кульмінацыйных момантах. Партрэты герояў у «мясціне» шамана робяць акцэнт на цяжкiх успамiнах, супярэчлівасці стану, унутранай барацьбе. З'яўленне з вады чорнага каня з пяццю амулетамі на шыі сімвалізуе тое, што мінулае не знішчана, а менавіта адпушчана на волю.

Здымкі кліпа праходзілі ў Беларусі і доўжыліся агулам 26 гадзін, 18 з якіх — бесперапынна. Гэта дэбютная рэжысёрская праца Надзеі Ірдарат (яна таксама з'яўляецца аўтарам самой песні і з’яўляецца ў кадры ў масцы ў вобразе шамана). Другім рэжысёрам і аператарам-пастаноўшчыкам выступіў Аляксандр Алейнікаў (вядомы сваімі працамі для гуртоў Nizkiz, Naka, BN...). Ён жа і сабраў выдатную здымачную каманду. Мастаком па касцюмах і дэкарацыях традыцыйна стаў Уладзімір Ірдарат. Вялікую дапамогу ў падрыхтоўцы і здымках кліпа аказалі сябры гурта.

Irdorath здолелі ўвасобіць паўнавартасную гісторыю адзінства сям'і, унутранай барацьбы і ачышчэння ад глыбінных перажыванняў, не страціўшы свайго фірмовага візуальнага стылю і змрочнай атмасфернасці.

— Гэта наш пяты кліп. Зноў мы ўклалі душу ў наш твор і распавялі гісторыю асабістых перажыванняў на мове свету Irdorath. Нам хочацца верыць, што мы робім вялікую справу: ствараем і транслюем у свет беларускае фэнтэзі. З пашырэннем геаграфіі нашых гастроляў па Еўропе мы часцяком становімся першымі прадстаўнікамі культуры Беларусі, якую сустракае наш замежны глядач. Гэта ганарова і разам з тым адказна, таму мы вельмі дэталёва прапрацоўваем усё, што бачыць і чуе глядач, каб захапіць яго ў глыбіні беларускага міфалагічнага бэкграўнда. На гэтым не спыняемся і працягваем свой шлях: на крылах дракона наперад, да зорак! — кажа Надзея.

 Паводле прэс-рэлізу