Трывога Вялікага Гэтсбі
«Вялікі Гэтсбі» адкрыў Канскі кінафестываль. Твор выглядае як сучасная вечарынка, што завершыцца настальгіяй і алкагалізмам. Гламурная легкадумнасць яшчэ вядзе рэй, але на даляглядзе — крушэнне мараў.
Афіша фільму «Вялікі Гэтсбі» jakes-take.com
Фільм зняты паводле класічнага раману Фіцджэральда. Герой раману Нік Караўэй, здольны выслухоўваць розных людзей, у 1922 годзе трапляе ў Нью-Ёрк. Ягоны сусед — таямнічы багатыр Джэй Гэтсбі — ладзіць шыкоўныя вечарыны ў сваім палацы. На супрацьлеглым беразе жыве стрыечная сястра Ніка — Дэйзі, якая пабралася не вельмі шчаслівым шлюбам з арыстакратам і расістам Томам Б’юкененам. Гэтсбі прагне сустрэцца з Дэйзі, якую даўно кахае, і марыць вярнуць мінулае. Кантрабандная выпіўка ліецца ракой, выводзіць рулады саксафон; і ніхто яшчэ не падазрае пра Дэпрэсію дый далейшыя катастрофы (зрэшты, як не падазраваў пра гэта сам Фіцджэральд, надрукаваўшы свой твор у 1925 годзе).
Але Бэз Лурман, які экранізаваў кнігу, паказвае, што герой-апавядальнік (сыграны Тобі Магуаерам) у фільме ўжо згубіў пад нагамі глебу: ён лекуецца ад дэпрэсіі — і запісвае ўласныя ўспаміны на просьбу эскулапа. Калі не лічыць гэтай змены оптыкі, рэжысёр амаль не крэмзаў сюжэт. А сам фільм доўжыцца практычна столькі ж, колькі займае выразнае прачытанне раману ўголас.
Для кінематографа экранізацыі — сур’ёзныя выпрабаванні. Звычайна пастаўленыя стужкі атрымліваецца недакладнымі, а калі дакладнымі — то нуднымі. Фільм Бэза Лурмана нудным не назавеш. Рэжысёр разам са сваім героем вырашыў вярнуць мінулае, але, у адрозненні ад Гэтсбі, ён выдае за мінулае сучаснасць і актуальнасць, узброеную атракцыёнамі.
Трохмерныя выявы — з пяшчотнымі сняжынкамі, што залятаюць за каўнер гледача — тэхналагічная вынаходка для масавай публікі, распешчанай «Аватарам». Камера шмыгае і шнырае, пералятае з аднаго ўскрайку заліву да другога — што магчыма за кошт кампутарнай сімуляцыі. А вось персанаж Тобі Магуаера назірае за месцічамі: шматлікія вокны ў суседнім доме — гэта нават не «Акно ў двор» Альфрэда Хічкока, а звыклыя сацыяльныя сеткі, дзе блукае шаноўная публіка.
Падзабыты джаз выбухае хіп-хопавымі віскамі 2000-х, бясконцае свята ў палацы Гэтсбі пазычае фарбы гарачых тусовак і дыскатэк. Але гэта не постмадэрновае хуліганства, здзейсненае Лурманам у «Рамэа і Джульеце». У той пастаноўцы класічны Шэкспіраўскі тэкст прамаўлялі тэлевізійныя дыктары, Мантэкі і Капулеці — кіравалі гарадскімі хеўрамі, а Рамэа страляў з пісталета. Архаічны высокі стыль іранічна зніжаўся кліпаваю падачай.
У «Вялікім Гэтсбі»–2013 геданістычная мітусня 1920-х — гэта і ёсць сучаснасць, а сённяшнія спевы і танцы — гэта паўтор і ўвасабленне прыгодаў стогадовай даўніны. Паглядзіце на дамскія фрызуры — іх не столькі забылі, колькі яшчэ не носяць: пасля моднага паказу — пойдуць у народ. А ўсе гэтыя саламяныя капялюшыкі, крыклівыя тканіны, пяшчотныя белыя заслоны, панадзіманыя ветрам! Гэта вечны бляск учорашняга дня, калі свята вось толькі скончылася.
Гэтсбі раскідвае ружовыя, салатавыя, блакітныя кашулі — дзяўчынкі ў залі ахаюць ад кічавага шчасця. Гламур спакушае, дыскатэчная эклектыка дэманструе ўладу, экран заваблівае і зіхаціць.
Лурман згушчае колеры, каб дзейнічала мацней. Калі ў кнізе Том Б’юкенен — бландзін, то ў фільме — брутальны брунет, што болей пасуе нізкім жарсцям. Ягоная дурнаватая палюбоўніца носіць ужо не блакітную, а зазыўна-чырвоную сукенку; а сцэну, калі яе збівае машына, нам пакажуць двойчы (рапідам), каб мы нічога не прапусцілі. Працоўны раён — чарнейшы за само пекла, затое ад пяшчотных кветак, прынесеных Гэтсбі, можна задыхнуцца і ў глядзельнае залі.
Вялікі Гэтсбі — падставовы амерыканскі архетып, як Мікі Маўс, Супермэн і «Грамадзянін Кейн». Ад Мікі Маўса ў яго — нястрыманая энергія і крыху цукерны палац. З Супермэнам яго яднае прыдуманы ці здзейснены факт незямнога паходжання. А Грамадзянін Кейн падзяляе з Гэтсбі покрыш амерыканскай мары, што не вытрымлівае імпэту адэптаў.
Леанарда ды Капрыа, які сыграў Гэтсбі, дадаў да вобразу досвед іншых сваіх героеў: крыху з «Тытаніку» (сентыментальныя позы), драбніцу сібарыцтва («Джанга вызвалены»), жменьку апантанасці («Выспа праклятых») і зусім няшмат дваістасці («Адступнікі»).
Бэз Лурман засыпле сумневы кветкамі і ўсмешкамі, сцішыць боль, уздыхне над марамі ля зялёнага ліхтара. Але ці варта вінаваціць рэжысёра ў празмерным дыскатэчным гламуры (які падазрона нагадвае скокі ў скандальна-прарочай «Марыі-Антуанэце»)?
Які час — такія і Гэтсбі. Гэтсбі стогадовай даўніны мелі за плячыма ваенную выпраўку, беднае дзяцінства — і дарунак мары. Гэтсбі 2000-х толькі трошку злякаліся ад сусветнага крызісу, пра дысцыпліну не ведаюць, а клапатлівая дзяржава скасавала небяспечнае жабрацтва дзяцей і падлеткаў (асабліва, калі дзяцей гвалтам адабраць у бацькоў). Ва ўмовах шчаснага спажывання і суцэльнай апекі мараць пераважна пра іншае спажыванне — яшчэ круцейшае і гламурнейшае.
Гэтсбі, якія захавалі свае дарункі, гэтым сур’ёзна занепакоеныя