Тут жыў і працаваў Якуб Колас

4 верасня ў Ганцавічах Брэсцкай вобласці прайшоў XVIII Дзень беларускай пісьменнасці. У яго праграме адбыліся шматлікія выставы, прэзентацыі новых выданняў, сустрэчы з беларускімі літаратарамі, паэтычныя чытанні і конкурсы.



5cde6dedeb8892e3794f22db57ada073.jpg

4 верасня ў Ганцавічах Брэсцкай вобласці прайшоў XVIII Дзень беларускай пісьменнасці. У яго праграме адбыліся шматлікія выставы, прэзентацыі новых выданняў, сустрэчы з беларускімі літаратарамі, паэтычныя чытанні і конкурсы.
Ужо даўно такія святы падвяргаюцца няшчаднай крытыцы за тое, што бюракратычнымі “высілкамі добрыя намеры пераўтвараюцца ў парад музычнай і літаратурнай безгустоўнасці, кітчу і псеўдамастацтва. Гэта і атрымала назву сіндрому “Дажынак. Хоць, зразумела, сам дажыначны абрад мае тысячагадовую гісторыю і не можа быць падставай для адмаўлення. Такім гэтае свята зрабілі чыноўнікі, каб як мага больш поўна дагадзіць начальству.
Традыцыйнае свята Дня пісьменства ў Ганцавічах распачалося малебнам за беларускі народ і словамі вітання ад кіраўніцтва краіны і Брэсцкай вобласці. Першым на сцэну падняўся старшыня нацыянальнага аргкамітэту пра правядзенню Дня пісьменства А. Тозік, які адзначыў, што гэтым святкаваннем мы аддаём даніну павагі таленавітым людзям, якія жывуць на Ганцаўшчыне, тым творцам, якія стварылі славу Палескаму краю, узбагацілі яго духоўна. Ён жа зачытаў прывітальнаю тэлеграму ад прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удзельнікам Дня беларускага пісьменства.
Трэба сказаць, што з года ў год беларуская мова з вуснаў беларускіх афіцыйных асобаў гучыць усё больш упэўнена. Відаць, нездарма паэт Яўген Гучок у адным са сталічных тэатраў пры выпадку, пра што стала вядома з публікацый у адной з беларускіх газет, зачытаў А. Тозіку свой верш пра важнасць роднага слова (“На гэтай мове уркі не гавораць, на гэтай мове “Мурку не пяюць...).
На роднай мове прамаўлялі таксама старшыня Брэсцкага аблвыканкама К. А. Сумар, старшыні райвыканкама У. Столяр і архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Стэфан, які зачытаў пасланне ад мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага экзарха ўсёй Беларусі Філарэта.
Пасля таго, як святкаванне Дня беларускага пісьменства ў Ганцавічах распачалося афіцыйна, у горадзе адбылося адкрыццё Алеі Пісьменства, на якой зафіксаваныя — адлітыя ў метале на адпаведных стэлах — імёны фалькларыстаў і літаратараў, выхадцаў з Ганцаўшчыны: Аляксандра Сержпутоўскага, Алеся Касько, Геогія Марчука, Васіля Праскурава, Міхася Рудкоўскага, Віктара Гардзея і іншых. Гэтыя пісьменнікі і даследчыкі стваралі славу Палескаму краю. А завяршыў гэтую мемарыяльную кампазіцыю, якая, упэўнены, стане візітоўкай Ганцавічаў, цудоўны помнік маладому, рамантычнаму Якубу Коласу, які пачынаў сваю настаўніцкую дзейнасць тут, на Ганцаўшчыне, у вёсцы Люсіна. На адкрыцці помніка прысутнічаў сын Песняра Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч. Помнік аўтарства сяброў Беларускага саюза мастакоў Паўла Герасіменкі і Алесі Грушчанковай (архітэктар Ірына Вайтэнка) сапраўды стаў упрыгажэннем горада, якому не хапала манументальнага атачэння. Цяпер, разам з новымі, адрамантаванымі цэнтральнымі вуліцамі, Алея Пісьменства з помнікам Якубу Коласу стане любімым месцам адпачынку гараджан.

Помнік Якубу Коласу

Беларуская кніга

Былі і такія інсталяцыі


Але не трэба думаць, што свята пісьменства было напоўнена толькі аднымі высокімі па грамадзянскаму гучанню падзеямі. Былі тут і “дажынкаўскія сімптомы: кірмашы з абавязковымі кітчавымі інсталяцыямі, кшталту бабкі і дзеда за “чаркай і шкваркай як атрыбутамі беларускага менталітэту. Некаторыя аматары “літаратуры і пісьменства больш заглядвалі на дно бутэлькі з гарэлкай, чым у кнігі дзяржаўных выдавецтваў, а з імправізаваных сцэн часцяком гучала тое, што завецца квазі-фальклорам і рэстараннай папсой...
І ўсё ж адчувалася, што ганцаўчане ганарацца сваімі каранямі, сваёй адметнай мовай, палескім краем, сваім майстрамі. Таму адмоўнага ў такіх святкаваннях было адчувальна менш, чым у іншых гарадах і мясцовасцях, якія па чарзе становяцца гаспадарамі ці то Дня пісьменства, ці то “Дажынак. Гэта вынік характару палешукоў, якія маюць вялікі гонар за свой край, за сваіх знаных людзей — літаратараў і майстроў. Гэта можна было адчуць і тады, калі на святочную сцэну выходзілі аўтэнтычныя палескія спявачкі ў намітках, якія можна было пабачыць толькі ў энцыклапедыі “Этнаграфія Беларусі ці на канцэртах гурта “UR’IA. Тут жа, на святочных канцэртных пляцоўках, гэтыя песні і ўнікальныя нацыянальныя касцюмы беларусаў Палесся можна было пачуць і ўбачыць, што называецца, “жыўцом. Гараджане і госці Ганцавічаў іх сустракалі надзвычай эмацыйна, з цеплынёй і гонарам!
Тая ж адметнасць панавала і на кірмашы майстроў, які прадставіў шмат унікальных творцаў Палескага краю. Нацыянальныя касцюмы з фондаў Музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок, палескія спевы ад фальклорнага гурта Хатыніцкага сельскага савета, драўляныя скульптуры народнага майстра І. П. Супрунчука з вёскі Цераблічы Столінскага раёна паказвалі і раскрывалі гасцям горада вытокі адметнасці гэтага маляўнічага краю, яго таленавітых і працалюбівых людзей.
Дзень беларускага пісьменства яшчэ раз засведчыў факт, што беларусы — творчы народ, якому да душы добрая кніга, кранальная мелодыя, маляўнічы карунак. Вось толькі асэнсаваць і давесці да ўсяго народа гэты факт напоўніцу можна толькі тады, калі беларускія творцы аб’яднаюць свае высілкі, не зважаючы на тое, да якога творчага саюза яны належаць.

ju.jpg

Грае  ансамбль Класік-авангарад

Момант святкавання

Палеская аўтэнтыка