У мікрараёне Усход-1 пачалася рэстаўрацыя гіганцкіх мазаік Аляксандра Кішчанкі
Усе чатыры творы Аляксандра Кішчанкі на тарцах будынкаў з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі. Праўда, адрэстаўруюць пакуль толькі дзве мазаікі. На рэстаўрацыю астатніх двух пакуль няма грошай.
На гэтым тыдні ў мікрараёне Усход-1 пачалася рэстаўрацыя мазаік мастака Аляксандра Кішчанкі. Пра гэта паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны» на спасылкай на КУП «ЖКГ Першамайскага раёна г.Мінска».
Творы Аляксандра Кішчанкі размешчаныя на тарцах трох будынкаў на праспекце Незалежнасці: 131/1 («Мінск — горад мастацтва»), 143/1 («Мінск — горад-працаўнік»), 155/1 («Мінск — горад навукі»), а таксама аднаго будынка на вуліцы Каліноўскага, 82/2 («Мінск — горад-герой»). Праўда, адрэстаўруюць пакуль толькі дзве мазаікі: горад-працаўнік і горад-герой. Усе чатыры творы з'яўляюцца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.
Мазаікі былі выкананы творчай групай аўтараў на чале з мастаком Аляксандрам Кішчанкам у 1978–1979 гадах. Ідэю іх стварэння падтрымаў аўтар праекта «Усход-1» архітэктар Георгій Сысоеў. Плошча кожнай мазаікі — 51 на 9 метраў. Гіганцкія творы выкладзеныя з дробных дэталяў — рознакаляровай смальты.
Рамонт спатрэбіўся, таму што ад сценаў пачалі адвальвацца асобныя кавалкі смальты і нават цэлыя пласты разам з тынкоўкай.
Цяпер спецыялісты «Белрэстаўрацыі» будуць здымаць ўчасткі мазаікі, вывозіць іх у свае майстэрні і там аднаўляць. Плануецца, што рамонт завершыцца ў сакавіку 2020 года. Тэрміны выканання работ зрушыліся ў сувязі з правядзеннем у Мінску II Еўрапейскіх гульняў — раней рамонт планаваўся з красавіка па кастрычнік 2019-га. Прыкладны кошт работ — 3 мільёны рублёў. Адзначаецца, што ў перспектыве неабходна рэстаўраваць і дзве іншыя мазаікі («Мінск — горад мастацтва» і «Мінск — горад навукі»), але фінансаванне на гэтыя мэты пакуль не выдзеленае.