У журналістаў, якія здымалі перформанс Кузьміча ў Парыжы, прайшлі ператрусы
«Журналістаў падчас допытаў спрабавалі прадставіць маімі саўдзельнікамі і зрабіць з нас злачынную групоўку. Спроба правалілася дзякуючы працы адвакатаў», — расказвае «Еўрарадыё» пра тое, што адбывалася пасля перформансу ля рэзідэнцыі Эмануэля Макрона акцыяніст Аляксей Кузьміч.
1 красавіка ён спрабаваў пранікнуць у Елісейскі палац з бутэлькай, «што нагадвае кактэйль Молатава», у якой было грудное малако. Акцыяніста затрымалі — як і дваіх журналістаў, якія здымалі тое, што адбывалася.
«На наступны дзень пасля акцыі паліцыя праз СМІ запусціла вутку, маўляў, гэта былі вар'яты (трое персон у змове, якія спрабавалі напасці на Макрона і яго жонку ў іх у палацы) і адзін з іх быў змешчаны ў псіхіятрычную лякарню. Хто менавіта — не ўдакладняецца, але дзе-нідзе нават фігуруе інфармацыя, што гэта быў я. Падобны такі тэкст быў апублікаваны ва ўсіх вядучых медыя Францыі. Зроблена гэта для таго, каб дыскрэдытаваць палітычны пасыл маёй акцыі і ў вачах грамадскасці перавесці мяне са статусу мастака ў статус псіхічна нездаровага чалавека, які быў не ў сабе», — расказвае Кузьміч.
Паводле яго слоў, у кватэрах журналістаў, якія былі з ім падчас акцыі, прайшлі ператрусы. За публікацыю відэа з акцыі ім пагражаюць турмой.
«Цяпер за імі ўсталяванае сачэнне, — працягвае акцыяніст. — Гэтыя журналісты з актывісцкага асяроддзя. Яны ўвесь час здымаюць кампраметуючыя матэрыялы пра паліцэйскае самавольства і ёсць косткай у горле ўлады».
Аляксея Кузьміча выпусцілі з турмы 3 красавіка. Ён да гэтага часу спрабуе вярнуць запісы, а таксама атрымаць відэа з камер вонкавага назірання.
У Францыі ён знаходзіцца «ў статусе турыста».
«Паколькі справа не заведзеная, то дэпартаваць мяне не могуць. У той жа час я атрымаў папярэджанне, што на працягу пяці гадоў, калі зраблю падобную акцыю ў Францыі, гэтую справу адновяць. Пакуль працягваю знаходзіцца ў Парыжы, далей буду глядзець па абставінах», — падсумоўвае акцыяніст.
Аляксей Кузьміч вядомы ў Беларусі сваімі скандальнымі перформансамі. У дзень прэзідэнцкіх выбараў ён прыйшоў на выбарчы ўчастак у мінскай школе №44. З кабінкі для галасавання хлопец выйшаў у адной набедранай павязцы, а на грудзях у яго быў прымацаваны бюлетэнь з намаляваным фаласам. Пасля гэтага ён стаў пасярод участка ў позе крыжа. Вечарам мастак выйшаў у набедранай павязцы да сілавікоў са шчытамі і агнястрэльнай зброяй у руках. Пасля выбараў Аляксея затрымалі. Ад пераследу ён выехаў за мяжу.