У Цярыберцы з аншлагам прайшла прэм'ера «Левіяфана». Жыхарам фільм спадабаўся

Жыхарам Мурманскага пасёлка Цярыберка, дзе здымалася большасць сцэн фільма «Левіяфан», які атрымаў «Залаты глобус» і намінаванага на прэмію «Оскар», карціна спадабалася



ciarybierka.jpg

Уезд у пасёлак Цярыберка
Пра гэта распавяла агенцтву ТАСС кіраўнік адміністрацыі Таццяна Трубіліна.
Мясцовыя жыхары пасёлка ў нядзелю, 25 студзеня, першымі ў Расіі змаглі паглядзець ліцэнзійную копію фільма да афіцыйнага выхаду ў пракат 5 лютага. Такую магчымасць ім даў тэлеканал «Дождж», які са згоды аўтараў стужкі арганізаваў паказ у пасялковым клубе. Карціна сабрала аншлаг.
«Большасць сяльчан добра ўспрынялі фільм: ім спадабаліся здымкі прыроды і тое, як яны сыгралі ў фільме, — жыхары ўдзельнічалі ў здымках многіх эпізодаў», — удакладніла Таццяна Трубіліна.
Адзначым, што раней сама кіраўнік Цярыберкі вельмі негатыўна адгукалася пра фільм. Яна назвала стужку «бессэнсоўнай і непраўдападобнай». «Пасёлак і яго жыхары ў фільме паказаны аднабакова негатыўна», — патлумачыла яна. Трубіліна звярнула ўвагу, што ў прадстаўленні рэжысёра Андрэя Звягінцава ўсе жыхары пасёлка — людзі, якія канчаткова спіліся, людзі без усялякіх жыццёвых перспектыў. Трубіліна нават пагражала судом журналістам, якія апублікавалі фотарэпартаж аб пасёлку.
Лаўрэат Канскага фестывалю «Левіяфан» ужо атрымаў некалькі ўзнагарод еўрапейскіх кінафестываляў, у прыватнасці Гран-пры 58-га Лонданскага кінафестывалю, Гран-пры фестывалю ў Мюнхене і галоўны прыз кінафестывалю ў сербскім Палічы. «Левіяфан» вылучаны ад Расіі на «Оскар» у намінацыі «Найлепшы фільм на замежнай мове».
«Левіяфан» — аўтарская інтэрпрэтацыя гісторыі біблейскага Ёва, расказаная на матэрыяле сучаснай Расіі, і адсылка да аднайменнага сачынення знакамітага ангельскага філосафа Томаса Гобса. Здымкі праходзілі на Кольскім паўвостраве. У фільме апавядаецца пра жыхара невялікага мястэчка на беразе Баранцавая мора, Мікалая, у якога прадажны мэр спрабуе канфіскаваць амаль усю маёмасць. Галоўныя ролі ў драме выканалі Аляксей Серабракоў, Алена Лядава, Раман Мадзянаў і Уладзімір Удавічэнка. Сусветная прэм'ера фільма «Левіяфан» адбылася ў асноўнай конкурснай праграме 67-га Канскага міжнароднага кінафестывалю, дзе карціна была ўдастоена ўзнагароды «За найлепшы сцэнар».
Фільм Звягінцава жорстка выкрывае сучасны стан расійскага грамадства — карупцыю і відавочныя сувязі Рускай праваслаўнай царквы з аўтарытарнай дзяржаўнай машынай.