У чылійскіх Кардыльерах ушанавалі памяць Ігната Дамейкі
Мемарыяльная дошка-прысвячэнне Ігнату Дамейку з’явілася на гары Сера-Кімаль дзякуючы беларусу Паўлу Гарбунову і кампаніі «Будзьма беларусамі!»
«З падзякай ад беларусаў да грамадзян Чылі, якія дапамаглі Ігнату Дамейку знайсці ў Чылі другую радзіму», — цяпер гэтыя словы сустрэнуць кожнага на гары Сера-Кімаль.
Беларускі турыст Павал Гарбуноў 24 студзеня усталяваў мемарыяльную дошку на найвышэйшым пункце Кардыльеры-Дамейка, што знаходзіцца ў чылійскіх Андах, побач з пустыняй Атакама. Сваё ўзыходжанне Павал
прысвяціў нашаму земляку Ігнату Дамейку нездарма. Разам з кампаніяй «Будзьма беларусамі!» ён хоча прыцягнуць увагу беларусаў да знакамітых у свеце асобаў, якія нарадзіліся ў
Беларусі, але не так добра вядомыя сёння на радзіме.
Ігнат Дамейка — у свеце асоба паважаная і вядомая (чаго, на жаль, не скажаш пра Беларусь). Імем Дамейкі названа шмат чаго ў свеце: вуліцы ў шматлікіх гарадах, порт, гара, хрыбет і нават
невялікі горад у Чылі. Мінерал і астэроід. Нехта падлічыў, што больш за 80 розных аб’ектаў. Чылі ўдзячнае Дамейку, які працаваў тут больш за 40 гадоў і з’яўляецца нацыянальным
героем гэтай краіны.
«Калі я вырашыў павандраваць па Чылі, мне захацелася наведаць і звязаныя з Дамейкам мясціны. Мяне заўсёды цікавіла, ці ведаюць чылійцы пра Дамейку і што яны ведаюць»,
— кажа Павал.
«Сваю «Дамейкініяну»я толькі пачынаю. Першыя апытанкі сведчаць, што Дамейку ў Чылі ведаюць. Канечне, далёка не ўсе. Але прынамсі палова з тых, хто навучаўся ў ВНУ ці
неяк звязаны з гарамі, некалькі словаў пра яго сказаць могуць.
Ведаюць яго, на жаль, менавіта як паляка па паходжанні. Нарадзіўся Ігнат Дамейка ў вёсцы Вялікая Мядзведка, што каля Міра — у той час у Расійскай імперыі, навучаўся у Вільні, усё жыццё
лічыў сабе ліцвінам, размаўляў на польскай і гішпанскай, пісаў лісты да свайго сябра Адама Міцкевіча, зноў жа па-польску. Дамейка быў вымушаны эміграваць, большую частку жыцця пражыў у Чылі і ўжо ў
сталым веку вярнуўся у Беларусь.
Трэба сказаць, што і сама краіна Беларусь выклікае у мясцовых здзіўленне. Польшчу ведаюць. Дарэчы, у Чылі ёсць польская амбасада. Па зразумелых сумных прычынах цяпер ведаюць Украіну. Ведаюць
Расію: о-о-о, кажуць, гэта так далёка. Вось так і тлумачым мы звычайна: паміж Польшчай, Украінай і Расіяй. Паспрабуем крыху змяніць сітуацыю. Адкрыць Беларусь чылійцам, а Чылі –
беларусам!».