У Мінску развіталіся з Сяргеем Жураўлём
Сотні людзей прыйшлі 17 жніўня ў Купалаўскі тэатр, каб развітацца з адным з самых выбітных айчынных актораў, народным артыстам Беларусі Сяргеем Жураўлём. Смерць гэтага майстра сталася поўнай нечаканасцю як для яго калегаў, так і проста для аматараў нацыянальнага тэатральнага мастацтва.

Сяргей Журавель быў асобай шматграннай. Ён не толькі выходзіў на подыюмы тэатраў — Моладзевага, Тэатра юнага гледача, а з 2009 года — Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, але паспяхова здымаўся ў кіно, быў “голасам” СТБ, працаваў на “Альфа-радыё”.

Труна з целам актора была ўстаноўлена на сцэне Купалаўскага. Там, дзе ён працаваў апошнія гады. Развітацца з майстрам прыйшлі і сталыя купалаўцы, і маладыя акторы. І тыя, хто зараз працуе на гэтай сцэне, і тыя, хто калісьці тут служыў, і тыя, хто не меў дачынення да гэтага подыюма. Народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў і народныя артысты Беларусі Генадзь Гарбук і Зоя Белахвосцік, заслужаны артыст Аляксандр Падабед, больш маладыя , але вядомыя майстры сцэны Анатоль Кот, Алег Гарбуз, Ігар Забара ды многія іншыя артысты, рэжысёры Мікалай Пінігін і Валеры Мазынскі — гэта толькі маленькая частка тых вядомых людзей, што прыйшлі развітацца з Сяргеем Жураўлём. Спачуванні блізкім памерлага выказаў нават дзеючы кіраўнік краіны.
Ганаровы каравул і ваенны аркестр — дзяржава ўсё ж такі звярнла ўвагу на тое, што і тут ёсць сапраўдныя майстры сцэны.

Калі труну з целам Сяргея Барысавіча выносілі з тэатра, раздаліся, выбачайце за банальнасць, бурныя і працяглыя апладысменты. Менавіта так развітваюцца з сапраўднымі акторамі. Апладысменты гучалі ажно да таго моманту, як труну паставілі ў катафалк.

Пахавалі Сяргей Жураўля на Усходніх (Маскоўскіх) могілках сталіцы. Майстру, які пайшоў з жыцця ў сне тры дні таму, быў толькі 61 год. Валадарства Нябёснае…