У Вушачах будзе вуліца і школа імя Барадуліна

Імя Рыгора Барадуліна будзе насіць вуліца, дзе стаіць дом паэта, у якім ён прыязджаў з Мінска, а таксама школа, якая знаходзіцца на гэтай вуліцы. У Вушацкім музеі пашыраць частку экспазіцыі пра Рыгора Барадуліна.



df5fcff6_93c8_4ed5_8c3a_84898c711d9c_w640_r1_s.jpg

З ініцыятывай ушанаваць на радзіме памяць Рыгора Барадуліна выступілі Саюз беларускіх пісьменнікаў, Рада Віцебшчыне абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, шэраг іншых грамадскіх аб’яднанняў. На афіцыйным сайце Віцебскага аблвыканкаму з'явіўся адказ ініцыятарам.

У рубрыцы, прысвечанай зваротам грамадзян, з'явіўся адказ http://www.vitebsk-region.gov.by/ru/question/t_23.html на пытанне "Аб ушанаванні памяці Рыгора Барадуліна". Віцебскі аблвыканкам паведамляе, што разгледзеў адпаведныя звароты, накіраваныя ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, і «ў межах кампетэнцыі паведамляе»: «Вушацкім райвыканкамам і райсаветам ажыццяўляецца работа па перайменаванні вуліцы Школьная ў гарадскім пасёлку Вушачы ў вуліцу імя Рыгора Барадуліна». І што ўжо «накіраваны ліст у Тапанімічную камісію пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь аб магчымасці ўжывання транслітарацыі пры перакладзе плануемай назвы на рускую мову».

Апрача таго, у Вушацкай школе праведзены сход працоўнага калектыву, які ўхваліў прысваенне гэтай ўстанове імя Рыгора Барадуліна. А ў Вушацкім музеі народнай славы «плануецца значна пашырыць гісторыка-біяграфічную частку экспазіцыі, прысвечаную Рыгору Барадуліну».

Паведамленне на афіцыйным сайце аблвыканкаму, дзе апавядаецца пра ўшанаванне памяці літаратара, напісана па-беларуску, але з арфаграфічнымі памылкамі. Тым не менш, яно вельмі ўсцешыла прыхільнікаў паэзіі Рыгора Барадуліна і ягоных ідэйных аднадумцаў.

Вуліца Школьная, якую мяркуюць перайменаваць, якраз вядзе да школы, што будзе насіць імя славутага паэта. На гэтай вуліцы стаіць і хата дзядзькі Рыгора — цагляны дамок, які быў для сям’і Барадуліных не проста лецішчам, а прытулкам душы паэта, які вельмі любіў Вушачы — сваю малую радзіму.

З'яўленне вуліцы імя Рыгора Барадуліна ў Вушачах, а таксама наданне ягонага імя мясцовай школе — гэта толькі частка плану, прапанаванага ўладам дзеля ўшанавання памяці паэта. На ўзроўні прапановаў пакуль засталіся і прысваенне імя Рыгора Барадуліна адной з вуліц у Мінску, і ўсталяванне мемарыяльнай дошкі на доме, дзе ў Мінску жыў Рыгор Барадулін, і адкрыццё літаратурнага музею або філіі музею Рыгора Барадуліна.

На пачатку ліпеня Віцебская абласная рада ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны» звярнулася да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча і кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Андрэя Кабякова з прапановай ушанаваць памяць яшчэ аднаго выбітнага літаратара, які паходзіць з Віцебшчыны —  Генадзя Бураўкіна, які пайшоў з жыцця 30 траўня гэтага году. Адказу на ліст з прапановамі выдаць у дзяржаўным выдавецтве да 80-годдзя паэта выбраныя яго творы, усталяваць у Мінску на доме, дзе ён жыў, мемарыяльную дошку; назваць у гонар Генадзя Бураўкіна вуліцы ў Менску, Полацку, Расонах, прысвоіць імя Бураўкіна адной з бібліятэк на Віцебшчыне аўтары пакуль не атрымалі.

www.svaboda.org