Украінскі гісторык абверг Марзалюка: бярэзінскі шалом не мог належаць князю Ізяславу

Міфы — неадʼемны спадарожнік гісторыі, заявіў у інтэрв’ю «Свабодзе» ўкраінскі гісторык, выкладчык кафедры гісторыі Цэнтральнай ды Усходняй Еўропы Кіеўскага нацыянальнага універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі Арцём Папакін з нагоды заявы пра тое, што знойдзены ў Беларусі старажытны шалом нібыта належаў князю Ізяславу.

4047eac8_ac4e_42e4_a625_73f3d7501708_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg

Ён расказаў, чаму нельга дакладна вызначыць прыналежнасць гэтага воінскага шалома і пра што можа сведчыць знаходка.

19 красавіка гісторык і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк заявіў, што пад Бабруйскам знойдзены шалом, які належаў полацкаму князю Ізяславу — сыну кіеўскага князя Уладзіміра і полацкай княгіні Рагнеды. Цяпер сярэднявечны шалом знаходзіцца на рэстаўрацыі ў музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Менску.

 

Сярэднявечныя воіны не падпісвалі сваю амуніцыю

Шалом мог належаць заможнай асобе, вялікаму вядомаму воіну, бо большасць шаломаў гэтага тыпу («Чорная магіла») былі пазалочаныя, яны дастаткова складаныя для вырабу і, хутчэй за ўсё, вырабляліся за межамі Кіеўскай Русі — іх імпартавалі з тэрыторыі Хазарскага каганату. Чаму ён, на маю думку, не мог належаць князю Ізяславу? Дакладна ідэнтыфікаваць знаходку з пэўнай гістарычнай асобай немагчыма. Гэта рымскія легіянэры падпісвалі сваю зброю ды іншыя рэчы, і тады можна было зразумець, каму яны належалі.

 

2b3ba5c4_8565_4ec5_9ba4_2b1023c6fbd9_w650_r0_s.jpg

 На сёння ўжо знойдзена больш як 40 шаломаў тыпу «Чорная магіла» або яго дэталяў. Усе яны раскіданыя па Усходняй і Цэнтральнай Еўропе і знаходзіліся ў тых месцах, дзе пазней, паводле пісьмовых згадак, былі цэнтры княжай улады. Але пачыналася іх распаўсюджанне з гандлю, вайсковых паходаў на Хазарскі каганат, і знаходзілі іх у тых месцах, дзе распаўсюджвалася арабскае срэбра пры пасярэдніцтве Хазарскага каганату і дзе, уласна, археолагі заўважылі ваенную і гандлёвую актыўнасць «русі» — спачатку ўздоўж Волгі, а потым і Дняпра.

Бярэзінскі шалом — сведчанне гандлёвага шляху праз Беларусь

Бярэзінская знаходка добра ўкладаецца ў такое ўяўленне пра раннесярэднявечнай гісторыі Усходняй Еўропы, як гісторыі гандлёвых шляхоў, што пазней панавалі ў Х стагоддзі, а купцы-воіны «русь», спачатку вядомыя як воіны-скандынавы, пачалі засноўваць уласныя дзяржаўныя цэнтры. Праз Бярэзіну таксама праходзіў адзін з гандлёвых шляхоў ад Дняпра да Балтыйскага мора.

Дагэтуль шаломы «Чорная магіла» знаходзілі на Паўночным Каўказе, Сярэднім Падняпроўі на тэрыторыі Украіны, у Ноўгарадзе ў Расіі, а таксама ў Польшчы, Прусіі і Вугоршчыне. У Беларусі такі шалом знойдзены ўпершыню, але гэта стварае дадатковую магчымасць для разумення гістарычных падзеяў, якія адбываліся ў Х-ХІІ стагоддзях. Хоць дыскусіі аб паходжанні гэтай атрыбутыкі трываюць з 30-х гадоў ХХ стагоддзя і яшчэ не завершаныя. 

ec21906e_47e7_48f9_a813_894cf590c838_w650_r0_s.jpg

Нагадаю пра яшчэ адну ранейшую бярэзінскую знаходку — Брылёўскі скарб арабскіх манет, які таксама сведчыць пра ваенна-гандлёвую дзейнасці скандынаўскіх воінаў-купцоў, але не пра цэнтр улады князя. Знайшлі і шалом. Гэта не азначае, што ён належаў канкрэтнаму князю. Гэта сведчыць пра тое, што на той тэрыторыі былі людзі, якія карысталіся такімі ўборамі, і адзін з іх быў пахаваны на тым месцы. Ці быў ягоны ўладальнік князем, можна толькі здагадвацца, але канкрэтныя імёны наўрад ці магчыма вызначыць.

 

Чаму шалом называюць «Чорнай магілай»

 

Арцём Папакін, архіўнае фота

Арцём Папакін, архіўнае фота

Шалом атрымаў сваю назву, бо першы шалом такога тыпу яшчэ ў ХІХ стагоддзі знайшлі ў кургане Чорная магіла ў Чарнігаве. Падобныя шаломы знаходзілі і на кургане Гульбішча ў Чарнігаве, у раёне Кіева, у Мануэліўцы Днепрапятроўскай вобласці, у сяле Мокрым на Валыні. Яшчэ частка паходзіць з нелегальных раскопак так званых чорных археолагаў, і пра іх інфармацыі амаль няма, апроч фотаздымкаў, якія потым з’яўляюцца на аўкцыёнах.

Большасць з гэтых шаломаў маглі трапіць на тэрыторыю Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пасля разгрому Хазарскага каганату, і магчыма, яны пазначаюць удзельнікаў тых падзеяў, якія ў якасці трафеяў маглі іх вывезці. Таму і на тэрыторыі Беларусі такі шалом мог з’явіцца дзякуючы таму воіну, які ўдзельнічаў у паходзе 960-х гадоў, калі быў разгромлены Хазарскі каганат.

 

Якімі могуць быць наступныя знаходкі

Большасць такіх шаломаў ва Усходняй Еўропе былі знойдзеныя ў пахаваннях пад курганамі. Мяркую, што і ў выпадку з бярэзінскім шаломам гэта было хутчэй падкурганнае пахаванне аднаго з носьбітаў ваеннай атрыбутыкі, прадстаўніка вайсковай эліты ў той час, купца-воіна, руса, якога там пахавалі разам з рэчамі, што выкарыстоўваў у жыцці.

 

Мастак Юдаль Пэн, карціна «Курган»

Мастак Юдаль Пэн, карціна «Курган»

Там мог быць яшчэ і меч, сякера, нейкі паясны гарнітур, якія тады актыўна выкарыстоўваліся. Магчыма, яшчэ і кальчуга, як гэта было ў чарнігаўскіх курганах. Такія знаходкі важныя для аднаўлення падзеяў тых часоў, бо на тэрыторыі Беларусі пра Х-ХІ стагоддзі, якімі можа датавацца гэты шалом, практычна нічога невядома, апроч пазнейшай «Аповесці мінулых часоў» ХІІ стагоддзя. Таму па гэтым пахаванні і тых рэчах, якія там могуць быць яшчэ знойдзеныя, можна высветліць, якімі былі эліты тагачаснай Беларусі — такімі ж, як і ў Сярэднім Падняпроўі ці на Поўначы Расеі, якія склалі ў канцы Х — пачатку ХІ стагоддзяў пласт княжай дружыны, князёў, і баяраў, ад якіх і пачалося сярэднявечнае стварэнне дзяржавы таго перыяду, які мы называем Кіеўскай Руссю.

 

Міфы — неадʼемны спадарожнік гісторыі

У нас ёсць такая традыцыя — нейкія цікавыя рэчы прыпісваць гістарычным асобам. Так было са знакавай знаходкай магілы ў Вяргіні ў Грэцыі, дзе быў пахаваны нейкі прадстаўнік македонскай дынастыі — тады гэтую магілу прыпісалі Філіпу Македонскаму, бацьку Аляксандра, а пазней высветлілася, што гэта быў не Філіп, а ягоны другі сын Філіп ІІІ Арыдэй.

Ва Украіне таксама былі такія выпадкі. Тры гады таму на расійска-эстонскай мяжы ў грамадзяніна Беларусі канфіскавалі меч, які вярнулі ва Украіну (бо высветлілася, што ён быў вывезены «чорнымі» археолагамі з тэрыторыі Украіны), і яго адразу назвалі мячом Святаслава. Такі ж лёс быў у мячоў, знойдзеных у часе будаўніцтва ДнепраГЭСу.

І ў Беларусі мы маем справу з такім жа міфам, хоць няма ніякіх падстаў, каб прыпісваць шалом Ізяславу — знакавай для гісторыі Беларусі асобе, якую пэўным чынам можа разглядаць як стваральніка сярэднявечнай беларускай дзяржавы, Полацкага Княства; хаця на той час не было гаворкі аб тым, што яно было цалкам самастойным на чале з уласнаю дынастыяю. Невядома, дзе пахаваны Ізяслаў, невядома нават дакладна, калі ён нарадзіўся і памёр... Пошукі канкрэтных асобаў, на якіх можна ўскласці такую вялікую ролю, як пачатак дзяржавы, прымушаюць прыпісваць ім пэўныя рэчы.

www.svaboda.org