“Украінскія дзённікі” Андрэя Куркова

Штодня пісьменнік Андрэй Куркоў запісвае ў свой дзённік факты звычайнага жыцця сярод вэрхалу рэвалюцыі ва Украіне.



5053288e_1915_11e4_933e_00144feabdc0_img_.jpg

Калі якая-небудзь краіна робіцца цэнтрам увагі ўсіх інфармагенцтваў, а яе жыхары – сведкамі гістарычных катаклізмаў, даволі цяжка жыць сваім паўсядзённым жыццём, бо яно ўжо ніколі не будзе такім, як раней. Але ўсё ж такі нават падчас вайны дзеці працягваюць нараджаюцца, старыя – паміраць (у сілу натуральных чыннікаў), а ўсе іншыя – кахаць і сустракаць новае каханне, дасягаць прафесійных поспехаў і вырашаць свае праблемы.

“Украінскія дзённікі” Андрэя Куркова ахопліваюць перыяд з мінулага лістапада да гэтага красавіка і ўражваюць хітраспляценнямі экстраардынарных падзеяў і будзёншчыны. У сваіх нататках аўтар дзеліцца сваімі меркаваннямі наконт некаторых лёсавызначальных гістарычных падзей у найноўшай гісторыі Украіны, але не забываецца і пра звычайнае, паўсядзённае жыццё. Перад вачыма чытачоў паўстаюць не толькі падзеі рэвалюцыі на Майдане, выгнанне прэзідэнта Віктара Януковіча і анексія Крыму, але і пэйнтбольная вечарынка, якую Куркоў арганізаваў каб адсвяткаваць 11-ы дзень нараджэння свайго сына, пасадка бульбы на дачы, а таксама паездка ў лякарню з маці, бо ёй было патрэбна зрабіць кардыяграму. Такім чынам, актуальная гісторыя Украіны падаецца нам праз жыццё звычайнага чалавека і таму робіцца больш рэалістычнай.

Куркоў дасягнуў шырокага прызнання на Захадзе дзякуючы сваім абсурдысцкім раманам “Смерць і Пінгвін” (1996) і “Апошняе каханне прэзідэнта” (2007).

У прадмове аўтар тлумачыць, што вядзе дзённік больш за 30 гадоў і раней ніколі не меў аніякага жадання апублікаваць ўрыўкі з яго, але абставіны склаліся такім чынам, што ягоная сям’я – ён, жонка і трое дзяцей – жывуць у кватэры, якая знаходзіцца літаральна на плошчы Незалежнасці ў Кіеве, і тут ужо хочаш – не хочаш, але станеш сведкам таго, як гісторыя адбываецца на тваіх вачах.

Мы стаялі на нашым балконе і бачылі клубы дыму, які ішоў з ахопленых полымем барыкад, мы чулі выбухі гранат і стрэлы ружжаў, – дзеліцца ўражаннямі Куркоў. – Я запісваў усе дэталі гэтага жыцця амаль кожны дзень і цяпер магу расказаць вам пра ўсё, што дзеялася на Майдане ва ўсіх падрабязнасцях”.

Адна з самых цікавых тэм, што згадваецца у дзённіку, – тыя цяжкасці, з якімі сутыкнуўся аўтар у сваіх спробах зразумець, што іменна адбываецца цяпер у краіне. Пройдзе час, і журналісты з гісторыкамі напішуць прыгожа прылізаныя аповеды пра гэтыя месяцы, але дзённік Куркова паказвае нам з усёй відавочнасцю наколькі цяжка бывае часам інтэрпрэтаваць значэнне тых ці іншых падзей, калі яны толькі пачынаюць разгортвацца. Нягледзячы на тое, што ён пісьменнік, Куркоў піша, што часцяком яго ахоплівала няздольнасць выказваць свае думкі ясна і зразумела: час ад часу, прызнаецца аўтар, ён амаль страчваў здольнасць знаходзіць словы, каб апісваць тое што адбывалася. Палітычны бедлам закрануў усіх і кожнага: Куркоў кажа, што за гэтыя тры месяцы ён быццам пасталеў на пяць гадоў.

Адэкватнаму разуменню сітуацыі вельмі перашкаджаюць ілжывыя чуткі і наўмысная дэзінфармацыя. Украінскі рух “Антыеўрапейскі выбар” надзвычай эфектыўна задурыў галаву шмат каму з украінцаў, што пры падпісанні дамовы аб супрацоўніцтве з ЕС Еўропа выстаўляе Украіне адну ўмову – быццам усе насельнікі краіны абавязаныя стаць гомасэксуалістамі. У лютым адзін з прадстаўнікоў “Партыі рэгіёнаў” выклікаў народныя хваляванні, сцвярджаючы, што амерыканскія парашутысты прызямліліся ў Заходняй Украіне, і запатрабаваў, каб былі ўведзеныя расійскія танкі для супрацьстаяння гэтаму дэсанту. “Я не буду здзіўлены, калі б расійскія жаўнеры перасеклі ўсю краіну, аж да заходняй мяжы Украіны, у пошуках амерыканскіх салдатаў, а затым вярнуліся дахаты, прыносячы прабачэнні за такі марш-брасок!” – кажа Куркоў.

Некаторым можа падавацца, што рэвалюцыі – гэта такія рамантычныя прыгоды, але (і Куркоў ясна дае гэта зразумець) насамрэч рэвалюцыі – гэта крывавая, брудная справа, якая вядзе да радыкалізацыі грамадства, калі аніякага палітычнага кампрамісу ўжо немагчыма дасягнуць. Хтосьці кажа, што толькі гандляры кветкамі і вытворцы свечак аказаліся ў выйгрышы. На вуліцах можна пабачыць вялікія горы, складзеныя з букетаў, у гонар ахвяраў рэвалюцыі, а колькасць свечак, спаленых у цэрквах, у 100 раз вышэйшая за звычайную лічбу. “Гэта для таго, каб Бог дакладна пабачыў, што іменна адбываецца ва Украіне”, – мяркуе Куркоў.

Яшчэ адна тэма дзённіка – горкія шкадаванні Куркова, што спаганіліся адносіны паміж украінскім і расійскім народамі. Паводле розных падлікаў, ва Украіне жыве ад 8 да 14 мільёнаў этнічных рускіх. Аўтар – сам рускі па нацыянальнасці, нарадзіўся ў Ленінградзе ў 1961 г., але жыве у Кіеве з самага дзяцінства і таму балюча ставіцца да росту гэтага антаганізму. Ён успамінае, што першым ягоным родзічам, які ступіў на ўкраінскую зямлю, быў яго дзядуля, які у 1943 г. у шэрагах Чырвонай арміі вызваляў Харкаў і быў забіты падчас гэтай бітвы. “Ён памёр, змагаючыся з фашыстамі, а цяпер я чую слова “фашыст” ад рускіх у свой адрас, і ўсё толькі таму, што я змагаўся – і працягваю змагацца – супраць усёабдымнай сістэмы карупцыі, пабудаванай збеглым прэзідэнтам Януковічам”.

Праз увесь дзённік Куркова яскрава прасочваецца вялізная расчараванасць тым, што цяпер адбываецца ў Расіі. Такое адчуванне, быццам твой даўні сябар, якога ты добра ведаеш, у адзін момант раптам з’ехаў з глузду. Пуцін выступае тут у ролі закуліснага злыдня, які рыхтуе “аднаўленне гістарычнай справядлівасці”, якую ва Украіне разумеюць як рэстаўрацыю Савецкага Саюза. “Я мяркую, што такі план існаваў і ўсё яшчэ існуе”, – піша Куркоў. Для Пуціна Крым – як скрадзены дыямент; ён можа любавацца ім толькі ў цемры, бо адкрыта заяўляць пра крымскую кампанію як пра свой уласны трыумф ён не можа. Цяпер Крым уключаны ў прагнозы надвор’я на расійскім тэлебачанні нароўні з Данецкам і Харкавам, а яго флора і фауна ёсць часткаю расійскіх класіфікацый.

Відавочны гнеў Куркова засяроджваецца на тых, хто скажае сапраўдныя падзеі ва Украіне. Ён нават напісаў ліст Сяргею Лук’яненку, які забараніў усе пераклады сваіх кніг на ўкраінскую мову на знак пратэсту супраць “украінскага фашызму”: “Мне сказалі, што вы пішаце ў стылі “фэнтэзі”. Дзіўна, што вы з вашай фантазіяй не ў стане зразумець, што ўкраінскі народ больш не жадае жыць у сістэме, пабудаванай на суцэльнай карупцыі, пры непісьменным урадзе, які пакінуў пасля сябе спрэс абрабаваную і цалкам збанкрутаваную дзяржаву”.

У пасляслоўі да дзённіка, напісаным у канцы чэрвеня, Куркоў сцвярджае, што Украіна, як кажуць дактары, ва ўстойлівым, але крытычным стане. Ніхто не можа прадказаць будучыню краіны. Цытуючы прыказку – “Калі вы хочаце насмяшыць Бога, раскажыце яму пра вашыя планы”. Яшчэ Куркоў кажа пра горкі досвед: Еўрасаюз, які так бурна падтрымліваў Украіну падчас пратэстаў на Майдане, пасля рэвалюцыі заціх і пакінуў Украіну адну, аддаючы перавагу атрыманню прыбыткаў ад гандлю з яе буйнейшым суседам. Магчыма, аўтар перагледзеў бы сваё меркаванне ў святле міжнародных санкцый супраць Расіі, уведзеных зараз, але дзённік пісаўся раней, і высновы пісьменніка несуцяшальныя. “Грошы больш важныя за дэмакратыю”, – піша ён. – Гэты цынічны ўрок, які Еўропа дала Украіне, непазбежна паўплывае на будучыню маёй краіны”.

Пагартаць “Украінскія дзённікі” Андрэя Куркова можна на Амазоне:

 “Ukraine Diaries”, Andrey Kurkov, 256 старонак

budzma.by