Унікальныя паказы спектакля «Радзіва «Прудок» прайшлі на Палессi

Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы адправіўся ў незвычайнае турнэ. У палескіх Калінкавічах адбыліся эксклюзіўныя паказы спектакля «Радзіва «Прудок». Адна з найбольш яскравых прэм’ер гэтага тэатральнага сезона была прадэманстравана ў 20 кіламетрах ад знакамітай вёскі Прудок.

0111_2.jpg

Для Купалаўскага тэатра гастролі па беларускіх гарадах – падзея ўнікальная. Але 7 ліпеня акцёры Міхаіл Зуй, Дзмітрый Есяневіч і Святлана Анікей і рэжысёр Раман Падаляка прыехалі з паказам пастаноўкі «Радзіва «Прудок» на Палессе, у Калінкавічы (ці, згодна «Радзіва», Каленкавічы) — у знак павагі да былога супрацоўніка тэатра і свайго сябра Андруся Горвата, з дзённікавых запісаў якога і пачалася гісторыя спачатку кнігі, а потым і спектакля.
Пастаноўка створана пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Генеральным партнёрам выступае кампанія velcom. Дзякуючы яе дапамозе спектакль «Радзіва «Прудок» і прыехаў у Калінкавічы. А перад паказам акцёрскі і аўтарскі калектыў завітаў у Мазыр: на сустрэчу з прадстаўнікамі СМІ, якая праходзіла ў культурніцкай прасторы «Даліна анёлаў».
«Сённяшні паказ для нас — стваральнікаў спектакля, акцёраў, якія ў ім граюць, — быў не менш хвалюючай падзеяй, чым прэм’ера: нам належала прадставіць увасобленыя намі вобразы прудкоўцаў перад іх рэальнымі прататыпамі, на «малой радзіме» Андруся Горвата. Але і створаная ім кніга, і наш спектакль паводле яе вельмі шчырыя і сапраўдныя — такія ж, як людзі, пра якіх пісаў Андрусь, як іх жыццё і думкі. І мы шчыра ўдзячныя кожнаму гледачу за сардэчны прыем, ўвагу і натхненне», — адзначыў на сустрэчы рэжысёр спектакля Раман Падаляка.
Турнэ праходзіць пры падтрымцы кампаніі velcom.
  
«Спектакль «Радзіва «Прудок» для кампаніі velcom – не проста адзін з шэрагу цікавых культурных праектаў, якія мы падтрымліваем. Гэта вельмі блізкая нам гісторыя, якая пачалася яшчэ ў 2017 годзе з прэзентацыі кнігі Андруся Горвата ў праекце MOVABOX. У студзені 2018 года на фестывале мабільнага кіно velcom Smartfilm быў адзначаны фільм «Ягор», які паводле «Радзіва «Прудок» зняў Раман Падаляка. Мы з радасцю дапамаглі Купалаўскаму тэатру стварыць спектакль, які стаў сапраўднай тэатральнай падзеяй. І разам з гледачамі ў Калінкавічах нам было вельмі цікава паглядзець, як пастаноўка, створаная паводле кнігі Горвата, загучала па-новаму, адчуўшы пад нагамі родную для яе аўтара палесскую зямлю», — адзначыў кіраўнік групы па карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі velcom Віктар Пазнякоў.
«Цікава назіраць, як тое, што існавала ў адным выглядзе, раптам пачынае існаваць на нейкім новым узроўні: занядбаная вясковая хата робіцца домам, былы кляштар — культурніцкай прасторай, нататкі ў дзённіку — кнігай, а кніга — спектаклем. З аднаго боку, крыху нязвычна, што нешта, створанае табой, пачынае жыць самастойным жыццём. А з іншага, радасна — бо жыццё павінна працягвацца», — падзяліўся ўражаннямі аўтар кнігі «Радзіва «Прудок». Дзённік» Андрусь Горват.
Калінкавічы — горад для «насельнікаў» кнігі Горвата (а значыць, і для яе чытачоў) знакавы: менавіта адсюль пачынаецца для прудкоўцаў «цывілізацыя», менавіта тут жыве шматлікая радня аўтара «Радзіва». І нават цётка Дуня на зіму з’язджае з Прудка менавіта сюды. Таму ідэя паказаць спектакль «Радзіва «Прудок» на радзіме Андруся Горвата ўвасобілася ў рэчаіснасць таксама ў Калінкавічах, на сцэне аднайменнага ДК. Ганаровымі гасцямі калінкавіцкай прэм’еры «Радзіва «Прудок» сталі героі першакрыніцы – простыя прудкоўцы, добра знаёмыя кожнаму, хто хаця б аднойчы гартаў старонкі літаратурнага дзённіка Андруся Горвата.
Разам з галоўнымі героямі кнігі «Радзіва «Прудок». Дзённік» сачыць за гісторыяй мінскага журналіста, які вырашыў змяніць сваё жыццё і з’ехаць на Палессе ў вёску Прудок, каб аднавіць дзедаву хату, маглі усе жадаючыя: паказ спектакля быў бясплатным.
Нягледзячы на тое, што пастаноўка спектакля паводле дзённікавых запісаў задумвалася як эксперымент, першыя паказы ў Мінску карысталіся такім поспехам, што Купалаўскі тэатр вырашыў ўключыць «Радзіва «Прудок» ў пастаянны рэпертуар. Наступная магчымасць убачыць спектакль у гледачоў будзе ўжо ў пачатку восені: паказы адбудуцца на камернай сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы 16, 20 i 30 верасня. Квіткі паступяць у продаж у бліжэйшы час. Набыць іх можна будзе ў касах тэатра або анлайн. Даведацца больш аб паказе і сачыць за навінамі праекта можна на сайтах velcom.by і kupalauski.by.


Паводле прэс-рэліза