Візуальныя вобразы гістарычнай памяці

«Беларуская філасофская прастора”, “Лятучы ўніверсітэт”, выдавецтва «Эканомпрэс», прастора ЦЭХ запрашаюць на выставу “Візуальныя вобразы гістарычнай памяці, альбо Вялікае княства Літоўскае на старажытных геаграфічных мапах”, якая адбудзецца 24 ліпеня — 31 жніўня ў Мінску (пр. Незалежнасці, 58 / к. 6)



plakat_a4_biel_1_.jpg

Старажытныя мапы ўяўляюць сабой унікальныя артэфакты і валодаюць магічнай сілай. Гэта  сваеасаблівыя парталы ў часе, візуальная машына часу, якая дазваляе нам вандраваць па розных часах і  прасторах, гісторыях, мовах і культурах – і праз гэта шукаць, разумець, суадносіць і канструяваць сябе ў новых кантэкстах і межах. Халсціны мапаў пагружаюць нас у свет вобразаў, ментальную, духоўна-эмацыйную прастору, у глыбіні нашага падсвядомага - туды, дзе нараджаецца чалавечае Я і ягоная культура. Да таго ж гістарычныя мапы – гэта каштоўнасць таксама і іншага кшталту, бо многія з іх з’яўляюцца сапраўднымі творамі мастацтва і выяўляюць жывапісную і друкарскую культуру сваёй эпохі. Праз іх мы можам задаць сабе шэраг пытанняў.

 

У якой ступені  сённяшнія “ментальныя і культурныя” межы беларусаў супадаюць ці адрозніваюцца з тымі межамі, якія мелі нашыя землі напрацягу розных гістарычных перыядаў? Якімі мы бачым сябе і сваю краіну скрозь стагоддзі розных вобразаў, межаў і ўяўленняў? Наколькі мапы здольныя ўплываць на нашу свядомасць і культуру?

Арганізатары выставы — Беларуская філасофская прастора, Лятучы універсітэт, Выдавецтва “Эканомпрэс”, крэатыўная прастора ЦЭХ — прапануюць сёння зірнуць на старажытныя геаграфічныя мапы Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Эўропы і свету і  паспрабаваць убачыць сябе ў іншым гістарычным ракурсе і масштабе, акунуцца ў свет вобразаў і дыскусій, якія могуць падштурхнуць нас да пераасэнсавання сваіх уяўленняў пра “межы” Беларусі.

24 ліпеня, 16.00 — Адкрыццё выставы з удзелам аўтара ідэі і арганізатараў, запрошаных культуролагаў і гісторыкаў. У якасці спецыяльнага госця на адкрыцці выступіць гурт старадаўняй музыкі “Брэвіс”.

1 жніўня, 18.00 — дыскусія  з удзелам вядомых філосафаў, культуролагаў, дызайнераў: «Дзе ў Сусьвеце плыве Беларусь?..» Як і дзе мы знаходзім сябе, у якіх межах вызначаем — геаграфічных, палітычных, культурных? Ці могуць мапы стаць сродкам “пошуку сябе”?

13 жніўня, 18.00 — дыскусія з удзелам беларускіх гісторыкаў і сацыёлагаў: «Беларуская картаграфія як дысцыпліна і падмурак самавызначэння». Ці існуе беларуская картаграфія як асобная сфера? Якім чынам яна ўплывае на дызайн, адукацыю, навуку? Як і куды распрасціраюцца яе вынікі і эфекты?

Усе мерапрыемствы ў межах выставы будуць праводзіцца на пляцоўках крэатыўнай прасторы “ЦЭХ” (па адрасе пр. Незалежнасці 58 / к.6), самая ж выстава працягнецца да канца жніўня. Наведванне выставы мяркуецца зрабіць бескаштоўным. Больш падрабязную інфармацыю можна будзе атрымаць на адкрыцці выставы 24 ліпеня.

Інфармацыйныя партнёры праекта: Беларускі парталwww.tut.by,  парталwww.relax.by,www.citydog.by,www.eurobelarus.info

У праграме выставы магчымыя змены. Актуальную інфармацыю шукайце на сайтах нашых партнёраў, а таксама на сайтах арганізатараўwww.fly-uni.org,www.prastora.org