Вялікі тэатр оперы і балета адкрывае новы сезон спектаклем «Вітаўт»

5 верасня Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі адкрывае новы 81-шы сезон балетам «Вітаўт». Напярэдадні адбыўся генеральны прагон спектакля. 



vitaut.jpg

Героі балета — персанажы старажытных летапісаў: мужны і мудры Вітаўт Вялікі, хітры, праніклівы і жорсткі Ягайла, далікатная, пяшчотная і моцная Ганна, высакародная і велічная Ядвіга, гераічны і верны беларускі народ — ажывуць на сцэне, паказаўшы гледачам захапляльную гісторыю з часоў беларускай даўніны. 
У сюжэце перапляліся барацьба за ўладу і каханне, палоны і ўцёкі, забойствы і каранацыі, лютая варожасць і пагадненні пра мір. Але самае важнае ў гэтай гісторыі — вялікая і ўсёперамагаючая любоў і вернасць князя Вітаўта сваёй зямлі і свайму народа.
Музыку да балета стварыў беларускі кампазітар Вячаслаў Кузняцоў, аўтар некалькіх сімфоній, балетаў, трох опер, інструментальнай, вакальнай, харавой музыкі. Лібрэта напісалі драматург Аляксей Дудараў і намеснік гендырэктара тэатра Уладзімір Рылатка. Харэограф і пастаноўшчык спектакля — народны артыст Беларусі Юрый Траян, дырыжор-пастаноўшчык — Вячаслаў Воліч, мастак-пастаноўшчык — лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Эрнст Гейдэбрэхт, мастак па асвятленні — запрошаны з Пермі Сяргей Мартынаў, які пачынаў сваю кар'еру ў Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі на пасадзе асвятляльніка сцэны.

belapan.by