World Press Photo зноў едзе ў Беларусь!

Міжнародная выстава World Press Photo 2019, на якой можна будзе пабачыць найлепшыя сусветныя прэс-фатаграфіі 2018 года, прыедзе неўзабаве ў Беларусь. Культурніцка-адукацыйны цэнтр ЦЭХ прывозіць выставу ўжо чацвёрты раз.

unnamed_103.jpg


Сёлета «Прэс-фота» – сусветна вядомы праект – ужо другі раз пабачаць у Гродне.
Выстава паказвае вынікі штогадовага конкурсу «Сусветнае прэс-фота», які сёлета ладзіцца 62-гі раз. Конкурс адзначае прафесійных фатографаў за найлепшыя кадры – асобныя здымкі або серыі, – зробленыя імі на патрэбу візуальнай журналістыкі ў папярэднім годзе.
Сёлета 4738 фатографаў са 129 краінаў падалі на конкурс 78 801 фатаграфію. Візуальныя гісторыі ацэньваюцца паводле наступнага крытэру – дакладнае, сумленнае і пераканаўчае адлюстраванне нашага свету. Працы мусяць адпавядаць нормам этыкі, а фота пераможцаў праходзяць строгую праверку на праўдзівасць. Гэта гарантуе дакументальную дакладнасць сцэнаў, сведкам якіх зрабіўся фатограф.
У журы конкурсу ўваходзяць прызнаныя прафесіяналы фотажурналістыкі. Склад журы мяняецца кожны год. Журы не залежыць ад фундацыі «Сусветнае прэс-фота», і выключна журы вызначае пераможныя фота і фотагісторыі, што маюць значэнне.
Фундацыя «Сусветнае прэс-фота» верыць у сілу выявы і важнасць дэманстрацыі высакаякасных візуальных гісторыяў.
Усё пачала ў 1955 годзе група галандскіх фатографаў, арганізаваўшы міжнародны конкурс («Сусветнае прэс-фота»), каб паказаць свае працы аўдыторыі па ўсёй планеце. З таго часу конкурс развіўся ў самае прэстыжнае на свеце спаборніцтва фатографаў, а нашая місія пашырылася. Штогод нашая выстава экспануецца больш чым у 100 гарадах 45 краінаў. Як і наш штогадовы фестываль у Амстэрдаме, выстава прэзентуе гісторыі, што змушаюць людзей спыніцца, адчуць, задумацца і пачаць дзейнічаць. Наш конкурс ушаноўвае найлепшае ў журналістыцы і лічбавым сторытэлінгу.
Нашая мэта – далучыць свет да гісторыяў, што маюць значэнне.
Ужо 60 гадоў фундацыя «Сусветнае прэс-фота» працуе ў сваёй сядзібе ў Амстэрдаме як незалежная некамерцыйная арганізацыя. Тым часам свет няспынна змяняецца, і новыя распрацоўкі ў медыях ды тэхналогіях трансфармавалі журналістыку і сторытэлінг. Нашая місія пашырылася, яе найважнейшы момант – весці візуальных журналістаў, сторытэлераў ды іх гледачоў праз увесь свет, па яго поўным выклікаў, неверагодным ландшафце.
Мы падтрымліваем умовы, якія робяць магчымымі візуальную журналістыку і сторытэлінг, у тым ліку свабоду выказвання, свабоду даследавання і свабоду прэсы. Ніколі яшчэ патрэба ў выявах і гісторыях, вартых даверу, не была такой адчувальнай, і высакаякасныя рэпартажы на гэтай выставе ды нашых медыйных каналах даюць вам важныя веды пра наш свет. Часам гэта прыгожыя выявы, а часам неабходна паказаць цяжкія гісторыі, але ўсе яны дакладныя і маюць значэнне.
У 2019 годзе выставу «Сусветнае прэс-фота» ўжо шосты раз прымае Беларусь (апошнія чатыры гады афіцыйным партнёрам праекту выступае культурніцка-адукацыйны цэнтр ЦЭХ). Экспазіцыя арганізаваная ў партнёрстве з Цэнтрам гарадскога жыцця (Гродна) пры фінансавай падтрымцы амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве.
Экспазіцыя будзе даступная з 8 да 29 жніўня 2019 года па адрасе: Цэнтр гарадскога жыцця, вул. Кірава, 3, 12:00–20:00 штодня, уваход вольны.
baj.by