З Жыровічаў пачынаецца Беларусь

Добрую і неабходную справу распачалі яшчэ шэсць гадоў таму беларускія літаратары інак Мікалай (Алег Бембель, Зьніч) і Алесь Клышка, якія выдалі дзве кнігі свайго сумоўя.



vokladka_klyshki.jpeg

Першая — “Жыровіцкія камяні (Мн., Беллітфонд, 2006), другая — “Шлях да Жыровічаў (Мн., Выдавец В.Хурсік, 2007). І вось праз такі доўгі шлях да чытачоў прыйшла іх трэцяя кніга —“Жыровіцкая пастараль.
Трэцяя кніга значна адрозніваецца ад ранейшых, хаця назва выдання неяк суцяшае, супакойвае і шчаслівіць. Калі ў першых дзвюх аўтары сумоўя разважалі больш пра беларускія праблемы: стан роднай мовы, лёс Беларусі ў ХХI стагоддзі, месца Беларусі ў духоўнай прасторы планеты, духоўнае адраджэнне Бацькаўшчыны. То новая кніга далёка ад сапраўднай ідыліі нашага складанага, няпростага жыцця, пра якое разважаюць інак Мікалай і Алесь Клышка.
Іх тэмы сумоўя пайшлі далёка за межы Радзімы. Гэта і палітыка, і сусветныя катаклізмы, і ўзаемаадносіны розных канфесій, рэлігійных дзеячаў і вучоных, дзяцей і бацькоў, а таксама лёс простага люду. З многімі разважаннямі шаноўных аўтараў кнігі можна пагадзіцца, а з некаторымі іх суб’ектыўнымі думкамі — не. Радуе, што дыяпазон іх разважанняў вялікі, дзе скразной лініяй праз усё сумоўе праходзяць духоўныя і агульначалавечыя каштоўнасці.
Вядома ж, не былі б інак Мікалай і Алесь Клышка паэтамі, каб у такім складаным, шырокім сумоўі не гняздзілася б іх паэзія. Вершы інака Мікалая дапаўняюць гутарку, нават адказваюць на некаторыя пытанні, нясуць у сабе філасофскі сэнс. Іх лірычныя героі спрабуюць у сэрцы сваім крануць мяжу паміж чалавечым і Богачалавечым — і запрашаюць чытачоў далучыцца да гэтага таемнага памкнення.
Першая іх сумесная кніга выспела ў Жыровічах на Слонімшчыне. Выспела каля старых муроў Успенскага сабора, Богаяўленскай царквы,  Крыжаўздзвіжанскай і Георгіеўскай. А потым з Жыровічаў шлях іх сумоўя пралёг па ўсёй Бацькаўшчыне і нават па-за яе межамі. Магчыма, “Жыровіцкая пастараль ад інака Мікалая і Алеся Клышкі стане духоўнай пастараллю для ўсіх беларусаў. Будзе яна прарочай, і мы дажывем, калі не трэба будзе ідылічна паказваць жыццё беларусаў на лоне прыроды ці каля Жыровіцкай святой крыніцы. Верыцца, што жыццё беларусаў, насамрэч, стане светлым і шчаслівым, бо, як бы там не было, Беларусь у аўтараў гэтага выдання, пачынаецца са святых Жыровічаў, бо “тут — сэрца Беларусі і да яго — у кожнага — свой шлях (Зьніч).