Заўтра ў Мінску перапахаваюць прах Змітрака Бядулі
У аўторак, 3 лістапада, у Мінску ўрачыста перапахаваюць прах пісьменніка-нашаніўца Змітрака Бядулі (сапр. Самуіл Плаўнік), піша Еўрарадыё.
Развітанне з пісьменнікам адбудзецца ў філіяле музея гісторыі беларускай літаратуры "Беларуская хатка" на вуліцы Рабкораўскай. У гэтым будынку ён жыў і працаваў з 1914 па 1918 гады. Ахвочыя развітацца з пісьменнікам змогуць зрабіць гэта з 11:00 да 13:00.
А 14-й гадзіне прызначаная ўрачыстая цырымонія перапахавання на Усходніх могілках (сектар 26).
Змітрок Бядуля (1886-1941) — паэт і пісьменнік нашаніўскай пары, сучаснік Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. Памёр у эвакуацыі ў 1941 годзе ў Казахстане каля горада Уральска. Там жа быў і пахаваны.
Дарэчы, дзень перапахавання супадае з датай смерці пісьменніка — 3 лістапада.