Пасол Сямашка: Дарожныя карты па інтэграцыі Расіі і Беларусі ўзгодняць ў красавіку

Усе дарожныя карты па інтэграцыі Расіі і Беларусі будуць узгодненыя да канца красавіка. Пра гэта ў інтэрв'ю «Расійскай газеце» распавёў беларускі пасол Уладзімір Сямашка.

24_d_850.jpg

— Сёння з 30 карт, а дакладней, з 28, таму што тры карты — па уніфікацыі падатковага заканадаўства і дзве карты па мытным рэгуляванні — зліліся ў адну, 21 карта ўжо гатовая да падпісання. Засталося ўсяго сем карт, да канца красавіка, я спадзяюся, яны будуць узгоднены. І тады дарожныя карты і праграму іх рэалізацыі магчыма будзе падпісаць у першай палове гэтага года, — паведаміў Уладзімір Сямашка.

Ён нагадаў, што да 1 студзеня 2022 года краіны павінны паспець прыняць міжурадавыя пагадненні, якія абумоўленыя дарожнымі картамі.

— Іх шмат, па кожнай карце можа быць і два, і тры пагадненні. Трэба прайсці ўсе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, падпісаць іх і ратыфікаваць з такім разлікам, каб з 1 студзеня 2022 года зарабілі адзіныя рынкі электраэнергіі, газу, нафты і нафтапрадуктаў, транспартных паслуг, перш за ўсё чыгуначных, зарабіла адзіная прамысловая палітыка, сельскагаспадарчая і г. д. Канец гэтай працы ўжо бачны, — адзначыў пасол.

Створаная па ініцыятыве кіраўнікоў Беларусі і Расіі рабочая група падрыхтавала 31 інтэграцыйную дарожную карту да канца 2019 года. Бакі пакуль так і не прыйшлі да кампрамісу па картах, звязаных з падатковым заканадаўствам, мытнымі пытаннямі, па газе, адзінай прамысловай палітыцы, сельгаспалітыцы, па карце, якая прадугледжвае адзіны рынак нафты і нафтапрадуктаў, нагадвае TUT.BY.